У беларускіх губернях Расійскай Імперыі працягвалі дзейнічаць лакальныя цэнтры іканапісу, якія захоўвалі сувязь з мастацкімі традыцыямі папярэдняга перыяду. З XVIII да пачатку XX ст. існавала самабытная Гомельская іканапісная школа. Асаблівасцю школы з’яўлялася пранікненне ў іканапіс густаў і тэхнічных прыёмаў народнай творчасці. Яе характэрнымі рысамі былі дэмакратычнасць, фальклорнасць лікаў пры захаванні візантыйскіх схем, адсутнасць ляўкасу (грунтоўкі) і папярэдніх прамалёвак, выкарыстанне алейных фарбаў, наяўнасць кветкавага арнаменту.
Евангелле, прадстаўленае ў экспазіцыі, выдадзена ў Маскве, а яго абклад зроблены і распісаны беларускімі майстрамі.


