Абраз адлюстроўвае вобраз Найсвяцейшай Маці Божай у стане чысціні і свабоды ад першароднага граху. Канцэпцыя аб дасканалай святасці Дзевы Марыі была вядома ў Каталіцкай Царкве з часоў сярэднявечча. Гэту веру асабліва пашыралі францысканцы і бернардзінцы. ХІХ стагоддзе прайшло ў Каталіцкай Царкве пад знакам з’яўленняў Святой Дзевы Марыі (у 1830 г. у Парыжы, у 1846 г. у Ла-Салеце, у 1858 г. у Лурдзе). У 1854 г. Папа Рымскі Пій ІХ абвясціў догмат аб Беззаганным Зачацці Святой Дзевы Марыі.
