Абраз. Святы Евангеліст Іаан

Ікона з’яўляецца часткай апостальскага рада іканастаса ўніяцкай царквы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. Належыць да беларускай школы іканапісу.

У адпаведнасці з іканаграфічнай традыцыяй правая рука святога прыўзнята ў бласлаўленні, а левая з пяром паміж пальцамі трымае кнігу. Твар і постаць Іаана не плоскія, як на праваслаўных абразах, а асязальна-аб’ёмныя. Барочнасць выяўляецца ў напружанай рытмічнай мадэліроўцы складак адзення і выкарыстанні кантраснай гамы колераў (зялёны, чорны, чырвоны). Насуперак традыцыі хітон святога мае каўнерык і гузікі, што набліжае яго да адзення Новага часу. Святы Іаан выяўлены ў выглядзе юнака з доўгімі валасамі, што зноў-такі не характэрна для візантыйскай традыцыі. Паводле падання, Евангелле было напісана напрыканцы жыцця Св. Іаана, таму ў дадзенай кампазіцыі ў візантыйскім іканапісе яго звычайна выяўлялі старцам. Юнацкае аблічча ён меў толькі ў евангелічных сюжэтах (Пераўтварэнне, Тайная Вячэра, Распяцце, Сыходжанне Св. Духа). У заходняй традыцыі ўжо з VI ст. святы, як правіла, паказаны юнаком з Евангеллем. Відавочна, што дадзеная трактоўка паўплывала на ўніяцкую іканаграфію святога.

Scroll to Top