Абраз з’яўляецца варыянтам іканаграфічнага тыпу “Дабравешчанне з кнігай”. Ён узнік у ХІ–ХІІ стст. у мастацтве хрысціянскага Захаду. Вытокі сюжэта маюцца ў апакрыфічным Евангеллі Псеўда-Матфея, а таксама ў працах святых Епіфанія Крыцкага і Амвросія Медыяланскага. Згодна гэтым крыніцам, Марыя любіла чытаць Святое Пісанне, і ў момант з’яўлення архангела Яна чытала кнігу прарока Ісаі, дзе ёсць прароцтва, паўторанае евангелістам Матфеем: “Вось, Дзева ва ўлонні зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае з намі Бог” (Мц 1, 23). У ХІV–ХV стст. “Звеставанне з кнігай” у заходнім мастацтве стала асноўным. Тады ж з’явілася лілея ў руцэ архангела (звычайна ён у белым адзенні) ці ў вазе на стале (сімвал дзявочай цноты Марыі).
Дзева Марыя стаіць на зэдліку для кленчання. Левая рука прыціснута да сэрца – знак пакорлівасці Божай волі (Тады Марыя сказала: “Вось Я, раба Гасподняя, хай будзе Мне паводле слова Твайго”). На аналоі адкрытая кніга з тэкстам прароцтва Ісаі. Справа ад Багародзіцы архангел Гаўрыіл на воблацы ў белай туніцы з лілеяй (сімвал беззаганнасці), правая рука ўзнята ў прывітанні. Пліткавая падлога сведчыць аб тым, што падзея адбываецца ў памяшканні. За спіной прыўзнятая завеса, уверсе раскрытыя нябёсы чырвонага колеру, у цэнтры ў промнях ззяння – голуб (сімвал Св. Духа), слуп святла, які ідзе ад яе, ахоплівае Марыю, што ўказвае на таямніцу Богаўвасаблення. Абраз напісаны ў стылі позняга барока, аб чым сведчаць наяўнасць знешняй крыніцы святла, святла-ценевая мадэліроўка, драпіроўка складак адзення, выкарыстанне кантрасных колераў: белы, цёмна-зялёны, чырвоны, сіні.
