На пярэднім плане выявы святых апосталаў Пятра і Паўла ў поўны рост. Св. Пётр у выглядзе мужчыны моцнага целаскладу, апрануты ў сіні хітон з адкладным каўнерыкам і зялёны гімацій, у правай руцэ трымае ключы ад Раю и Пекла. Св. Павел апрануты ў бледна-зялёны хітон і зялёны гімацій, у левай руцэ трымае меч, якім ён быў забіты ў Рыме.
Па кампазіцыі абраз блізкі да заходняй традыцыі. Гэта бачна ў размяшчэнні постацей, наяўнасці мяча ў св. ап. Паўла, эліпсападобных німбах ды іншых дэталях. Разам з тым адсутнічае жорсткі выразны малюнак, характэрны для каталіцкага жывапісу, а кірылічныя надпісы і жоўты фон, які быцам бы імітуе асіст іконы, сведчаць аб пэўнай сувязі з візантыйскай традыцыяй. Твары і постаці апосталаў пазбаўлены ўмоўнасці і абстрагаванасці класічнага іканапісу. Невядомы мастак імкнуўся наблізіць іх да сваіх сучаснікаў. Адсюль партрэтнасць, грубаватыя рысы твараў і нават такая дэталь, як наяўнасць каўнерыка на хітоне, што набліжала яго да сарочкі.
У тварах бачны не столькі аскетызм, сколькі дабрыня і ўнутраная прасветленасць. Спалучэнне колераў (зялёны, ружовы, жоўты, сіні) надае кампазіцыі жыццярадасны харакатар, уласцівы творам беларускага жывапісу, асабліва ўніяцкага.
