Аб жыцці гэтага святога мы ведаем мала. Ізідар нарадзіўся ў ХІІ ст. у сям’і бедных сялян і ўсё жыццё быў парабкам. Праславіўся сваёй пабожнасцю. Неяк гаспадар, які даведаўся, што Ізідар кожны дзень ходзіць на імшу і з-за гэтага пазней пачынае працу, вырашыў выкрыць яго ў ляноце. Але калі ён прыйшоў на поле, то ўбачыў анёла, які араў дзялку Ізідара.
Аўтар свядома напоўніў сакральны сюжэт мясцовым каларытам. Іспанец Ізідар апрануты ў беларускі сялянскі строй: доўгі чорны каптан з дробнымі гузікамі, падпярэзаны шырокім поясам, белую кашулю, пад мышкай чорная магерка, нагавіцы з вузкімі калошамі, абкручаныя анучамі і аборамі лапцей. Праз плячо торбачка. Прылады працы – саха, барана, сякера, пуга – тыповыя для Беларусі таго часу.
