Пабудаваны ў 1503 (1505?) г. як касцёл слонімскім старостам Юрыем Зяновічам, у сяр. XVI ст. перароблены пад кальвінісцкі збор (па іншых крыніцах пабудаваны ў 1552 (1553?) г. брэсцкім ваяводам Крыштофам Зяновічам) па ўзору храма-крэпасці. Купальны храм цэнтрычнага тыпу, у плане васьміграннік, злёгку выцягнуты па падоўжанай восі. З боку галоўнага фасада прымыкае шмат’ярусная вежа-званіца, завершаная нізкім шатром на васьмігранным барабане. У месцы злучэння званіцы і асноўнага аб’ёму прыбудавана цыліндрычная вежа.
