Францыск Скарына (каля 1490 – каля 1551) – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, гуманіст, асветнік, вучоны і пісьменнік эпохі Адраджэння. Доктар філасофіі і медыцыны. Пераклаў, пракаменціраваў і надрукаваў на царкоўнаславянскай мове беларускай рэдакцыі кнігі Бібліі. У прадмовах і пасляслоўях да кніг выказаў сваю патрыятычную, маральную і эстэтычную пазіцыю. Мэтай сваёй выдавецкай дзейнасці называў служэнне “народу паспалітаму”, стараўся дапамагаць яму спазнаваць мудрасць і навуку, каб “добра жылі на свеце”.
