“Італія далёкая і блізкая” – першы выставачны праект Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, які знаёміць з прыгожымі краявідамі Італіі і дасягненнямі яе майстроў, адлюстроўвае беларуска-італьянскія сувязі ў розных сферах культурнага жыцця грамадства.
Нашы продкі наведвалі Італію падчас падарожжаў, атрымлівалі там адукацыю і карысныя навыкі ў сферы права і дыпламатыі, праходзілі мастацкія стажыроўкі. Вядомай была ў Італіі і наша краіна. Дзякуючы ўзрастаючай цікавасці да нашых зямель свет убачыла славутая “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, напісаная ў 1521–1522 гг. на замову Папы Рымскага Льва Х. У сваю чаргу на беларускіх землях працавалі выхадцы з Італіі – музыканты, выкладчыкі, дойліды і жывапісцы. Італьянкай па паходжанні была вялікая княгіня літоўская і каралева польская Бона Сфорца (1518–1548), якая прывезла выдатную калекцыю жывапісу і бібліятэку. Пры двары Стэфана Баторыя ў Гродне служылі італьянскія лекары – падуанскі хірург Нікола Бучэла і Пьетра Сімо́ні з горада Лу́ка. Пасля смерці караля Нікола Бучэла ўдзельнічаў у анатамічным ускрыцці яго цела і апублікаваў аб гэтым справаздачу. Гэта было першае вядомае з дакументаў навуковае анатамічнае ўскрыццё на нашых землях.
З Італіі паступалі тканіны, царкоўнае аблачэнне, прадметы культу і кнігі. Пашырэнне кантактаў з Італіяй садзейнічала распаўсюджанню ў Беларусі еўрапейскіх мастацкіх стыляў. Жывапісныя творы служылі прыкладам для наследавання. Вялікай папулярнасцю карысталіся італьянскія рэпрадукцыйныя гравюры, якія выконваліся па творах славутых мастакоў эпохі барока. Нашы выкладчыкі і студэнты вучыліся ў найлепшых мастацкіх школах Рыма, Фларэнцыі, Мілана. Інтэгруючым звяном у развіцці адносін з Італіяй была лацінская мова – мова Каталіцкай Царквы, навукі і прыгожага мастацкага слова. З італьянскіх зямель на працягу стагоддзяў рухалася магутная плынь канфесіянальных з’яў. Блізкімі сталі італьянскія святыя – Бенядзікт Нурсійскі, Францыск Асізскі, Антоній Падуанскі і інш.
Італія і сёння застаецца завабнай краінай для жыхароў Беларусі, якія часта яе наведваюць. Яе маляўнічыя пейзажы, замкі, палацы, храмы, фантаны і гістарычныя будынкі – нібы адна вялікая славутасць. Тут можна бясконца доўга блукаць па вуліцах Рыма – аднаго з найпрыгажэйшых гарадоў свету, катацца на гандолах па каналах Венецыі альбо захапляцца ўкладам жыцця звычайнай італьянскай вёскі.
Італія – краіна месцазнаходжання кіраўнікоў Каталіцкай Царквы рымскіх пап, якія таксама ўзначальваюць тэакратычную дзяржаву: у мінулым – Папская вобласць, сёння – Ватыкан. Ватыкан – не толькі адзін з найбуйнейшых цэнтраў паломніцкага руху, але і месца, дзе прадстаўлены сусветна вядомыя помнікі мастацтва.
Тэма Італіі шырока гучыць у творах сучасных беларускіх скульптараў. Іх увагу прыцягваюць вядомыя дзеячы, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё еўрапейскай культуры. Гэта Дантэ, Галілеа Галілей, Джардана Бруна, Леанарда да Вінчы, Мікола Гусоўскі, літаратурнае крэда якога сфарміравалася ў Італіі, і інш. У цэнтры ўвагі экспазіцыі сцэна славутай “Тайнай Вячэры” Леанарда да Вінчы і сюжэт знакамітай “П’еты” – вобраза Маці Божай, якая трымае на каленях знятага з крыжа Ісуса.
Такім чынам, адлюстраваныя на выставе вобразы Італіі дазваляюць нам лепш усвядоміць, чаму Італія – краіна такая далёкая і такая блізкая для нас.