Распрацавана і пабудавана ў 2009 г. Накіравана на раскрыццё асобных аспектаў гарадской культуры канца ХVIII – пачатку XX ст. з улікам адпаведных часу традыцыйных каштоўнасных арыенціраў.
Размешчана ў 5 залах анфіладнай часткі будынка музея – былога палаца, які з’яўляецца помнікам грамадзянскай архітэктуры XVIII – пач. XX ст. Яго ўладальнікамі ў розныя часы былі прадстаўнікі шляхецкіх фамілій, якія пакінулі след у гісторыі горада і краіны – гродзенскі земскі пісар Караль Храптовіч(1720-я гг.– 1794), літоўскі падскарбій і гродзенскі стараста граф Антоній Тызенгаўз (1733 –1785), віцэ-маршалак Літоўскага Трыбунала Францішак Мучынскі, публіцыст, перакладчык і філосаф, віцэ-прэзідэнт Гродна Ігнацій Ляхніцкі (1755 – 1825).
На працягу двух стагоддзяў гэты будынак з’яўляўся домам для некалькіх пакаленняў старажытных шляхецкіх сем’яў. Экспазіцыя “Эпоха. Час. Будынак” асвятляе не толькі гісторыю палаца, але ўводзіць у свет сямейнага жыцця і культурных традыцый гарадской эліты XVIII – пач. XX стст.
Дом, як жыццёвы асяродак сям’і, у кожную эпоху меў сваю прасторава-часавую атмасферу фарбаў, гукаў, рытмаў, думак і пачуццяў. Прадметы мэбліроўкі, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, партрэты, абразы, кнігі, сувеніры, якімі некалі карысталіся людзі, нябачнымі ніцямі звязваюць нас з мінулым, дапамагаюць адчуць страчаную атмасферу сямейнага жыцця гарадской эліты, зірнуць на гісторыю скрозь прызму традыцыйнай культуры, сямейных каштоўнасцей розных пакаленняў.