Заір Ісакавіч Азгур – патрыярх беларускага мастацтва, які стаяў ля вытокаў фармавання нацыянальнай школы скульптуры.
Будучы мэтр нарадзіўся 15 студзеня 1908 года ў сям’і рамізніка. З ранняга дзяцінства ён цікавіўся жывапісам і пластыкай, навучаўся ў студыі жывапісца і педагога Ю. Пэна, у Віцебскім мастацкім тэхнікуме ў знакамітага скульптара М. Керзіна, ленінградскім Вышэйшым мастацка-тэхнічным і Кіеўскім мастацкіх інстытутах, удасканальваў сваё майстэрства ў Тбіліскай акадэміі мастацтваў.
У пачатку 1930-х гг. З.Азгур быў запрошаны М. Керзіным для ўдзелу ў афармленні Дома ўрада ў Мінску, для чаго стваралася галерэя скульптурных партрэтаў заснавальнікаў навуковага камунізму і правадыроў пралетарскай рэвалюцыі. Ужо тады Заір Ісакавіч змог прадэманстраваць свой выдатны талент, але сапраўднага майстра з яго “вылепіла” Вялікая Айчынная вайна. З 1942 года па заданні Цэнтральнага штаба партызанскага руху Азгур стварыў каля сарака партрэтаў герояў вайны: падпольшчыкаў і партызан, байцоў і палкаводцаў Чырвонай Арміі. У пасляваенныя гады Заір Азгур звярнуўся да новых вобразаў – герояў Сацыялістычнай Працы і лідэраў рабочага руху, дзеячаў культуры і гістарычных персаналій. Яго скульптурныя творы атрымалі сусветнае прызнанне. Аўтарству З.І. Азгура належаць манументы, устаноўленыя ў многіх гарадах Беларусі, Расіі, Украіны, Індыі, Кітая і іншых краін.
У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Музей гісторыі рэлігіі дорыць жыхарам і гасцям горада Гродна ўнікальную магчымасць наведаць выставу работ вялікага майстра мастацтва пластыкі на бязвыплатнай аснове. На выставе «Заір Азгур. Хроніка ваенных гадоў» прадстаўлены скульптуры са збору мемарыяльнага музея-майстэрні З.І. Азгура, якія ўзнаўляюць партрэтную галерэю герояў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама рэдкія фатаграфіі творцы падчас працы. Выстава аддае даніну памяці гераізму тых, хто ахвяраваў сваім жыццём за свабоду нашай Радзімы.
Выстава працуе штодня з 10:00 да 18:00 (каса да 17:30). Уваход вольны. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне + 375 (152) 71-87-07.
Кураторы выставы – Станкевіч Дзмітрый Валянцінавіч, загадчык сектару маркетынгу;
Ступакевіч Таццяна Андрэеўна, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-фондавай работы.