Жыццё ў аб’ектыве фатографа

У 2024 годзе спаўняецца 185 гадоў фатаграфіі. Яе вынаходства стала важнай вяхой у гісторыі культуры, адкрыўшы новыя гарызонты візуальнай камунікацыі.


Фатаграфія шматгранная. Гэта і спосаб фіксацыі паўсядзённай рэчаіснасці, і высокае мастацтва, здольнае перадаць пачуцці праз аб’ектыў камеры. Кожны фатограф імкнецца паказаць свет такім, якім бачыць яго на свае вочы. Іх праца – гэта не проста націсканне кнопкі на камеры, а паўнавартасны працэс стварэння твора.


Фатаграфія ў Гродне мае багатыя традыцыі, якія бяруць пачатак з другой паловы XIX стагоддзі. Работы вядучых гродзенскіх майстроў – Івана Садоўскага, Зельмана Карасіка, Якава Салавейчыка, Лейбы Гельгора і многіх іншых – экспануюцца на выставе. Гэта партрэты прадстаўнікоў розных слаёў грамадства: чыноўнікаў і сялян, духавенства і вайскоўцаў, настаўнікаў і навучэнцаў. Многія фатаграфіі зафіксавалі важныя падзеі з жыцця людзей, напрыклад, першую камунію або вяселле. Асобную частку фотаработ складаюць пейзажныя выявы Гродна: набярэжная Нёмана, кварталы, вуліцы, плошчы, паркі, палацы, храмы, будынкі, у якіх размяшчаліся магазіны, цырульні, аптэкі, фотаатэлье і майстэрні.


Неад’емнай часткай часовай экспазіцыі з’яўляюцца старыя фотаапараты айчынных і замежных марак. Пры іх дапамозе чалавек атрымаў унікальную магчымасць на імгненне вярнуцца ў пражыты момант, убачыць, што яго акружала, успомніць, якія эмоцыі перапаўнялі яго тады. Такія ўспаміны маюць вялікае значэнне, бо менавіта яны ствараюць непарыўную сувязь паміж пакаленнямі.

Выстава працуе штодня з 10:00 да 18:00 (каса да 17:30). Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне + 375 (152) 71-87-07.

Куратар выставы – Ганчарук Ігар Генадзьевіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выставачнай работы.


Scroll to Top