Свята-Барыса-Глебская (Каложская) царква – унікальны помнік гродзенскай архітэктурнай школы XII ст., які аб’яднаў у сабе рысы старажытнарускага і візантыйскага царкоўнага дойлідства. Узведзена ў Гродне на высокім правым беразе Нёмана, недалёка ад Замкавай гары, і асвячона ў гонар першых рускіх святых – благаверных князёў Барыса і Глеба. Сваю другую назву «Каложская» яна атрымала, магчыма, ад паселішча палонных каложан – жыхароў аднаго з прыгарадаў Пскова, перасяленых сюды ў пачатку XV ст., паводле іншай версіі – ад славянскага слова «Каложань», што азначала месца з мноствам крыніц.
У пачатку XVII ст. старажытны храм славіўся цудатворнай Каложскай іконай Божай Маці, перад якой па малітвах вернікаў адбывалася мноства ацаленняў. На жаль, падчас Першай сусветнай вайны святыня знікла, яе месцазнаходжанне да гэтага часу невядомае. У 2018 г. Свята-Барыса-Глебская царква набыла адзіны вядомы сёння гістарычны спіс цудатворнага абраза, створаны ў пачатку XX ст. у Кіева-Пячэрскай лаўры.
Сёння старажытная Свята-Барыса-Глебская царква, гісторыя якой налічвае амаль дзевяць стагоддзяў, уключана ў Папярэдні спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Да нашых дзён цалкам захаваліся яе паўночная сцяна і частка заходняй, дзве апсіды і дзве падкупальныя калоны. Асаблівасцю інтэр’еру з’яўляюцца шматлікія керамічныя збанкі-галаснікі, умураваныя ў сцены. Непаўторна захавана мастацкае рашэнне храма: фасады ўпрыгожаны дэкаратыўнымі прыступкавымі выступамі, рознакаляровымі глазураванымі керамічнымі пліткамі, у цагляную муроўку сцен уключаны каляровыя шліфаваныя камяні, што ўтвараюць розныя геаметрычныя фігуры і крыжы. Усё гэта стварае ўражанне інкрустацыі сцен каштоўнымі камянямі і надае фасадам непаўторную прыгажосць.
На выставе прадстаўлены ўнікальныя фотаздымкі, якія зафіксавалі Каложскую царкву ў 1925 г., а таксама іншыя каштоўныя прадметы з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, што адлюстроўваюць гісторыю і духоўную веліч старажытнага храма.
Куратар выставы – Ступакевіч Таццяна Андрэеўна, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выставачнай працы.

