З 6 лістапада ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі працуе выстава «Па-за канонам», якая адлюстроўвае ўнікальны свет народнага сакральнага мастацтва XVIII–XX стст.! Часовая экспазіцыя знаёміць з творамі, створанымі па-за строгімі царкоўнымі канонамі – шчырымі, наіўнымі і кранальнымі вобразамі.
Народныя іканапісцы і скульптары натхняліся прафесійнымі кананічнымі ўзорамі і творамі заходнееўрапейскага жывапісу і графікі. Аднак, не маючы акадэмічнай мастацкай адукацыі, яны не маглі ўзнавіць арыгіналы ва ўсіх дэталях і вытанчанасці. Таму малюнак на абразах максімальна спрошчаны і лаканічны: у прамалёўцы постацей і лікаў няма лішніх дэталяў, дамінуе графічнасць пры слабой прапрацоўцы аб’ёму, прапорцыі часта парушаюцца. Лікі святых маюць падабенства з канкрэтнымі людзьмі, якія валодаюць поўнай гамай эмоцый і пачуццяў.
Часовая экспазіцыя складаецца з двух тэматычных блокаў. Першы ўключае евангельскія сюжэты, другі – выявы святых.
Большасць прадстаўленых твораў паходзіць з Гродзенскай вобласці. Асобную групу складаюць абразы Гомельскай іканапіснай школы, якая дзейнічала ў канцы XIX – пачатку XX стст.
Галоўнае ў гэтых працах – шчырасць. Яны распавядаюць пра веру не праз складаныя сімвалы, а праз простыя чалавечыя пачуцці.
Куратар – Казуля Сяргей Віктаравіч, старэйшы навуковы супрацоўнік аддзела экспазіцыйна-выставачнай і навукова-даследчай работы

