Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі запрашае наведаць выставу аўтарскіх лялек і мядзведзікаў Тэдзі «KUKLA» па матывах казкі Льюіса Кэрала «Аліса ў Краіне цудаў».
Экспазіцыя ўяўляе сабой унікальны збор работ беларускіх майстроў-лялечнікаў. Тут вы сустрэнеце загадкавага керамічнага Чэшырскага ката, адважную Алісу ў даспехах, уладную Чырвоную каралеву ў вобразе мядзведзіцы і вытанчаную Белую каралеву, увасобленую ў вобразе Марыі-Антуанеты.
Усе экспанаты выкананы ўручную ў адзіным экзэмпляры з розных матэрыялаў: фарфору, палімернай гліны, тэкстылю, дрэва і пап’е-машэ. Кожная работа — гэта не толькі аб’ект дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і глыбокая аўтарская інтэрпрэтацыя класічнага твора, здольная ўпрыгожыць сабой любую калекцыю.
Куратар выставы – Хведчына Вера Іванаўна, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела культурна-асветніцкай работы

