Павел Васільевіч Масленікаў (14.02.1914–06.09.1995) – тэатральны жывапісец, пейзажыст, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР, народны мастак Беларусі.

У 1938 г. П. В. Масленікаў скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Там ён сфарміраваўся як мастак пад спагадлівым кіраўніцтвам прызнаных майстроў выяўленчага мастацтва, прыхільнікаў рэалістычнага метаду ў жывапісе. Рэалістычныму мастацтву майстар быў адданы ўсё жыццё. Гэта адбілася на яго жывапісных і сцэнаграфічных работах, мастацтвазнаўчых даследаваннях.

У 1938–1960 гг. (з перапынкам на франтавыя гады) П. В. Масленікаў працаваў у Беларускім дзяржаўным тэатры оперы і балета. Узвышанасць, паэтычнасць жывапісных вобразаў дасягаліся дзякуючы ўважліваму вывучэнню разнастайнасці навакольнага свету. У яе асэнсаванні дапамагала музыка. Мастак стараўся прысутнічаць на аркестровай рэпетыцыі, каб зразумець твор і перадаць яго глыбінныя сэнсы ў дэкарацыі. За гады работы ў тэатральнай сферы П. В. Масленікаў аформіў прадстаўленні 16 опер, 7 балетаў і звыш дзясятка драматычных пастановак.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ён ваяваў на Заходнім і Паўночна-Заходнім франтах, удзельнічаў у разгоме нямецка-фашыстскіх захопнікаў пад Масквой, узнагароджаны шэрагам баявых ордэнаў і медаляў.

У першай палове 1960-х гг. П. В. Масленікаў займаў пасаду рэктара Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстутута і выконваў абавязкі старшыні Саюза мастакоў БССР.

З эцюднікам за плячыма мастак аб’ездзіў многія краіны і кожны куток роднай Беларусі. Яскравыя моманты захапляльных падарожжаў сталі асновай яго жывапіснай творчасці. Работы майстра вылучаюцца прасторавай глыбінёй, непаўторнай жывапіснай танальнасцю, яснай і экспрэсіўнай гармоніяй колеравых спалучэнняў, рамантычным настроем, рэалістычным адлюстраваннем прыроды і музыкальнасцю.

28 ліпеня 1994 г. П. В. Масленікаў перадаў у дар Магілёву 125 твораў жывапісу, якія сталі асновай яго персанальнай карціннай галерэі ў сценах Магілёўскага абласнога мастацкага музея. Дзеля ўвекавечання памяці П. В. Масленікава 22 студзеня 1996 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь музею было прысвоена імя мастака.

Работы, якія дэманструюцца на выстаўцы, адлюстроўваюць розныя перыяды творчага жыцця жывапісца і адрозніваюцца паэтычнай узвышанасцю, лірызмам і філасофскай глыбінёй.

Scroll to Top