12 красавіка 1961 года стаў знамянальным днём у гісторыі ўсяго чалавецтва – упершыню на калязямную арбіту быў выведзены касмічны карабель з чалавекам на борце. Пілатуемы савецкім лётчыкам-касманаўтам Юрыем Гагарыным карабель «Усход-1» за 108 хвілін здзейсніў палёт вакол Зямлі. Гэтая гістарычная падзея паклала пачатак новай эры асваення космасу і стала падставай для штогадовага святкавання.
Услед за легендарным Гагарыным касмічныя палёты здзяйснялі выдатныя савецкія лётчыкі-касманаўты Герман Цітоў, Валянціна Церашкова, Уладзімір Камароў, Аляксей Леонаў, Андрыян Нікалаеў, Віталь Севасцянаў і многія іншыя. Гэтыя і наступныя палёты савецкіх касманаўтаў далі магутны імпульс развіццю навукі і тэхнікі і натхнілі будучыя пакаленні на далейшыя касмічныя даследаванні.
Не засталася ў баку ад асваення космасу і Беларусь. У навуковых інстытутах і на прамысловых прадпрыемствах з пачатку 1960-х гадоў распрацоўваліся і ствараліся найноўшыя аптычныя прыборы, наземныя сістэмы кіравання запускам ракет і праграмы апрацоўкі касмічных фотаздымкаў. Сярод вядомых касманаўтаў – нашы суайчыннікі Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак, Алег Навіцкі, Марына Васілеўская.
У беларускіх гарадах многія вуліцы носяць імёны выдатных лётчыкаў-касманаўтаў або прысвечаны касмічнай тэматыцы. У Гродне ёсць праспект Касманаўтаў, вуліцы ў гонар Юрыя Гагарына, Германа Цітова, Паўла Паповіча, Валянціны Церашковай, Уладзіміра Камарова і Андрыяна Нікалаева.
На выстаўцы прадстаўлены ўнікальныя дакументы, плакаты, паштоўкі, маркі, памятныя медалі і значкі, канверты першага дня, паштовыя карткі са спецгашэннем, прадукты харчавання для касманаўтаў і іншыя арыгінальныя прадметы 1950–1980-х гадоў са збору Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, якія адлюстроўваюць гісторыю асваення космасу і традыцыі святкавання Дня касманаўтыкі ў XX стагоддзі.

