26 красавіка 2026 г. спаўняецца 40 год з дня аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Гэта дата – не проста напамін аб буйнейшай тэхнагеннай катастрофе ў гісторыі чалавецтва, але таксама дзень жалобы па загінулых, дзень падзякі ліквідатарам і нагода асэнсаваць ўрокі з чарнобыльскага рэха.
Раніцай 26 красавіка 1986 г. на чацвёртым энэргаблоку Чарнобыльскай АЭС каля горада Прыпяць (Украінская ССР) адбыліся два цеплавыя выбухі, якія поўнасцю разбурылі актыўную зону рэактара. У атмасферу быў выкінуты вялізны аб’ём радыёактыўных рэчываў. Воблака распаўсюдзілася над большай часткай Еўропы, але асноўны ўдар прынялі на сябе тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі.
Маштабы катастрофы маглі б быць значна большымі, калі б не мужнасць і самаахвярнасць соцен тысяч людзей, накіраваных на ліквідацыю наступстваў. З 1986 да 1990 г. у працах на тэрыторыі 30-цікіламетровай зоны адчужэння прынялі ўдзел больш за 600 тысяч ліквідатараў з усяго Савецкага Саюза.
Першымі ў бой з нябачным ворагам уступілі пажарныя, персанал станцыі і супрацоўнікі грамадзянскай абароны. Яны тушылі пажары, праводзілі выведку і расчышчалі завалы. Потым да іх далучыліся ваеннаслужачыя, шахцёры, будаўнікі, вучоныя і медыкі.
Чарнобыльская катастрофа стала моцным штуршком перагляду ўсёй філасофіі ядзернай бяспекі. Яна паўплывала на пераасэнсаванне падыходаў да праектавання атамных электрастанцый, падрыхтоўкі персанала і інфармавання насельніцтва.
Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі прадстаўляе віртуальную выстаўку “Рэха Чарнобыля”. У фондах музея захоўваецца плакат 1987 г. “Героі Чарнобыля” (аўтар – мастак Міхаіл Мікалаевіч Шастапал), на якім размешчаны партрэты трох герояў-ліквідатараў і суправаджальны тэкст.
Уладзімір Паўлавіч Правік (1962-1986) – савецкі пажарны, які прымаў ўдзел у тушэнні пажара пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, лейтэнант унутранай службы, Герой Савецкага Саюза (1986 г., пасмяротна). Атрымаў высокую дозу апраменьвання і памёр ад прамянёвай хваробы.
Віктар Мікалаевіч Кібянок (1963-1986) – савецкі пажарны, які прымаў ўдзел у тушэнні пажара пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, лейтэнант унутранай службы, Герой Савецкага Саюза (1986 г., пасмяротна). Атрымаў высокую дозу апраменьвання і памёр ад прамянёвай хваробы.
Леанід Пятровіч Цялятнікаў (1951-2004) – савецкі пажарны, які прымаў ўдзел у тушэнні пажара пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, генерал-маёр унутранай службы, Герой Савецкага Саюза (1986 г.). Падраздзяленне Л. П. Цялятнікава знаходзілася на станцыі амаль тры гадзіны, ён атрымаў высокую дозу апраменьвання.
Падзея, якая адбылася 26 красавіка 1986 г. – гэта рана, якая будзе балець яшчэ доўгія дзесяцігоддзі. Перыяд паўраспада некаторых радыёнуклідаў складае сотні і тысячы гадоў, але памяць аб трагедыі і аб людзях, якія коштам свайго жыцця і здароўя спынілі яе распаўсюджанне павінна перадавацца праз пакаленні.

