“Нябеснае і зямное” – так называецца новая выстава, з якой можна пазнаёміцца ў Ізумруднай зале музея. Выстава прысвечана хрысціянскім вобразам эпохі Адраджэння і барока, якія адлюстраваліся ў жывапісных творах Сандра Бацічэлі, Паала Веранезэ, Даменіка Пулігі, Антоніа Карэджы, Карла Дольчы, Андрэа дэль Сарта, Вечэліа Тыцыяна, Джавані Беліні, Джузэпэ Крэспі, Матэа Раселі, Андрэа дэль Поца, Джавані Ланфранка, Джавані Гверчына, Антоніса ван Дэйка, Ганса фон Ахена і іншых мастакоў.
Упершыню ў Гродна можна ўбачыць іх графічныя рэпрадукцыі твораў названых мастакоў. Гэта высокага майстэрства гравюры італьянскіх майстроў ХІХ стагоддзя. Творы адрознівае высокае майстэрства валодання разцом, бездакорная тэхніка і вытанчанасць выканання рысунка. У выніку языком графікі добра перададзены першапачатковыя вобразы жывапісных арыгіналаў, якія адлюстроўваюць біблейскія сцэны і выявы святых.
Калісьці работы падобнага плану ўпрыгожвалі інтэр’еры багатых дамоў, палацаў і сядзіб. Яны былі папулярныя і запатрабаваныя ў грамадстве. Рэпрадукцыйная графіка квітнела на беларускіх землях. У пачатку ХІХ ст. у Віленскім універсітэце была заснавана кафедра графікі, якая аказала вялікі ўплыў на развіццё віленскай мастацкай школы і выхавала цэлую плеяду адораных мастакоў. Яе выкладчыкі і студэнты былі цесна звязаны з італьянскай графічнай традыцыяй, таму што вучыліся ў лепшых школах Рыма, Фларэнцыі, Мілана.
Прадстаўленыя гравюры даюць магчымасць параўнаць трактоўку хрысціянскіх вобразаў рознымі майстрамі, разгадаць іх задумкі і захапіцца віртуознай тэхнікай выканання.
Куратар выставы – Ганчарук Ігар Генадз’евіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выставачнай працы

