У нашым музеі экспануецца новая выстава – Традыцыі стараабрадніцтва ў Беларусі.

Стараабрадніцтва – сукупнасць рэлігійных плыняў і арганізацый, якія не прызналі  праведзеную ў 1650-х – 1660-х гадах патрыярхам Ніканам і царом Аляксеем Міхайлавічам царкоўную рэформу, мэтай якой была ўніфікацыя богаслужбовага чыну Рускай праваслаўнай царквы з грэчаскай царкоўнай традыцыяй (галоўным чынам, з Канстанцінопальскай Царквой).

Стараабрадніцтва мае шэраг асаблівасцей у багаслоўскай і набажэнскай практыцы, кніжнай культуры, іканапісанні, побыце, сацыяльным укладзе. Створаная вернікамі арыгінальная культурная традыцыя нягледзячы на доўгія перыяды пераследу і знішчэнняў захавалася да сённяшняга часу.

Стараабрадніцтва – адно з веравызнанняў, якое існуе ў Беларусі стагоддзямі і сведчыць аб традыцыі этнічнай і рэлігійнай талерантнасці. Пачынаючы з XVII ст. беларускія землі сталі важным цэнтрам перасялення стараабрадцаў. У выніку міграцыі сфарміравалася асобная этнаканфесійная група рускага этнасу, якая зрабіла значны ўнёсак у развіццё рэлігійнай дзейнасці, мастацтва, кнігавыдавецтва, будаўніцтва, рамяства, гандлю ў Беларусі. Пры гэтым важнай асаблівасцю стараабрадніцкага руху было яго раздзяленне на дзве асобныя плыні: папоўства (з прызнаннем царкоўнай іерархіі і святарства) і беспапоўства (з фарміраваннем асобнай сістэмы духоўнага кіравання без наяўнасці святарства). Гэты факт ўзмаціў тэндэнцыі да ўтварэння дадатковых падзелаў унутры абодвух накірункаў і фарміравання асобных царкоўных структур (“толкаў”) на працягу ўсяго часу існавання стараабрадніцтва. У Беларусі галоўныя асяродкі, звязаныя з беспапоўствам знаходзяцца на тэрыторыі сучаснай Віцебскай вобласці і памежных рэгіёнаў Літвы і Латвіі, з папоўскай традыцыяй – у Мінскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

На выстаўцы прадстаўлены выдатныя помнікі рэлігійнага жывапісу, кніжнай культуры, побыту з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі. Значная частка абразоў паходзіць са стараверскай папоўскай Свята-Траецкай царквы, якая знаходзіцца ва ўрочышчы Стрыпішкі (Астравецкі раён Гродзенскай вобласці). Гэты помнік – выдатны прыклад драўлянага дойлідства, які ў 2005 г. быў занесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Друкаваныя і рукапісныя кнігі, помнікі меднага ліцця, прыклады традыцыйнага адзення таксама з’яўляюцца важнай часткай культуры стараабрадцаў.

Помнікі стараабрадніцкай традыцыі – гэта арыгінальная і яскравая частка агульнабеларускай культурнай спадчыны, якая захавала сведчанне аб старажытных гістарычных каранях.

Scroll to Top