Іверская ікона Маці Божай – адна з найбольш шанаваных праваслаўных святынь. Першавобраз знаходзіцца на Афоне ў грэчаскім Іверскім манастыры (Івероне), заснаваным у X стагоддзі выхадцамі з Грузіі (Іверыі).
Згодна царкоўнаму паданню, у IX стагоддзі ікона захоўвалася ў набожнай удавы, якая жыла каля горада Нікеі. Іканаборцы, якія знішчалі святыя вобразы, прыйшлі ў дом жанчыны, і адзін з воінаў ударыў дзідай па ліку Багародзіцы. З пашкоджанага месца па шчацэ Прачыстай пацякла кроў. Спалоханыя воіны спешна пакінулі дом. Каб выратаваць святыню ад далейшага зневажання, удава разам з сынам, спадзеючыся на Бога, апусцілі яе ў мора. Праз час ікона прыплыла да Афона і спынілася каля Іверскага манастыра. Некалькі дзён манахі бачылі ў моры вогненны слуп, які ўзыходзіў да неба. Падышоўшы да берага, яны заўважылі вобраз Маці Божай, які стаяў на вадзе. Пасля малітвы аб дараванні яўленай святыні Іверскай абіцелі інак Гаўрыіл (будучы прападобны Гаўрыіл Святагорац) па загаду Багародзіцы, якая з’явілася яму ў сне, пайшоў па вадзе і прыняў вобраз у свае рукі. Ікону паставілі ў манастырскім храме, а раніцай знайшлі над варотамі манастыра. Яе зноў змясцілі ў храме, а раніцай знайшлі на браме. Так паўтаралася некалькі дзён, пакуль Прачыстая не адкрыла сваю волю ў сне інаку Гаўрыілу, сказаўшы, што не жадае знаходзіцца ўнутры храма, а будзе вартаўніком і абаронцай манастыра. Неўзабаве здабытая цудоўным чынам афонская святыня была змешчана ў капліцы, пабудаванай над манастырскімі варотамі, і па гэтай прычыне атрымала сваю другую назву – “Вратарніца”, ці “Брамніца” (грэч. Πορταΐτισσα). З таго часу яна сустракае кожнага, хто ўваходзіць у Іверскую абіцель.
Ікона адносіцца да іканаграфічнага тыпу “Адзігітрыя” (з грэч. “Пуцяводніца”): левай рукой Прасвятая Багародзіца трымае Дзіця Хрыста, а правай паказвае на Яго як на Збаўцу, які, паводле Евангелля ад Іаана (14, 6), ёсць “шлях і ісціна і жыццё”. На ліку Прачыстай можна ўбачыць нанесеную іканаборцамі рану, з якой цячэ кроў.
Спісы афонскага вобраза шырока распаўсюджаны па ўсім праваслаўным свеце. Іверская “Вратарніца” – адна з любімых шанаваных ікон Маці Божай і на беларускіх землях. У 1923 годзе ў вёсцы Гарадняны (Віцебскі раён, Віцебская вобласць) адбылося цудоўнае абнаўленне мясцовага вобраза, пасля чаго ў 1924 годзе ён быў урачыста перанесены ў Пружаны. Храмы ў гонар Іверскай іконы асвечаны ў Гомелі, Бабруйску, у вёсках Запясочча (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці) і Крынкі (Лёзненскі раён Віцебскай вобласці), у аграгарадку Сачыўкі (Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці), у пасёлку Лагожаск (Лагойскі раён Мінскай вобласці). Капліца ў гонар Іверскай Адзігітрыі дзейнічае пры Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце ў Мінску.

