“Пяць каталіцкіх святынь Гродна” – выстава прысвечаная 35-годдзю аднаўлення структур Каталіцкай Царквы ў Беларусі і 35-годдзю заснавання Гродзенскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі. Нягледзячы на кароткую гісторыю дыяцэзіі, Гродзеншчына мае старажытную каталіцкую традыцыю, адлюстраваную ў помніках архітэктуры і сакральнага мастацтва, рэлігійным жыцці і культавай практыцы. Пяць каталіцкіх святынь – гэта старажытныя кляштары і касцёлы Гродна (кафедральны, бернардзінскі, францысканскі, брыгіцкі, дамініканскі), якія пакінулі прыкметны след у яго гісторыі і культуры.

На выставе экспануюцца рысункі польскага архітэктара і мастака Рышарда Натусевіча (1927–2008), які нарадзіўся ў Гродне, а таксама прадметы з фондаў музея, што распавядаюць пра гісторыю гродзенскіх святынь: кнігі з кляштарнай бібліятэкі брыгітак, літургічныя тканіны з францысканскага касцёла, старыя паштоўкі, фотаздымкі Максіміліяна Кольбэ і Мельхіёра Фардона, дэкаратыўныя вазы з археалагічных раскопак на тэрыторыі брыгіцкага кляштара, друкаваная і аўдыёвізуальная прадукцыя Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі і інш.

Шчыра запрашаем усіх наведаць новую выставу ў музеі!

Scroll to Top