19 студзеня адбылося адкрыццё выставы “Заўсёды радуйцеся!”, прысвечанай хрысціянскім святам і прымеркаванай да XVIII Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі Благавест”. Падчас імпрэзы выступіў Архіерэйскі хор Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродно і прадстаўнік Гродзенскай праваслаўнай епархіі протаіерэй Аляксандр Велісейчык, які адзначыў высокі ўзровень выставы, яе гістарычны, рэлігіязнаўчы і мастацтвазнаўчы характар.
Пазнаёміць наведвальнікаў з гісторыяй галоўных праваслаўных святаў, якая звязана з падзеямі Ветхага і Новага Запаветаў, адлюстраваць ролю праваслаўнай культуры і асветы на беларускіх землях – галоўныя мэты выставы. Асаблівая ўвага надаецца кананічнаму і багаслоўскаму абгрунтоўванням абразоў дванадзясятых і іншых царкоўных святаў, ужыванню і значэнню богаслужбовых кніг, асаблівасцям царкоўных спеваў на розныя святы. Прадстаўленыя абразы напісаны ў XIX – пачатку XX стагоддзя і адлюстроўваюць розныя стылі і манеры іканаграфіі гэтага часу. Найвялікшую каштоўнасць прадстаўляюць старадрукі і рукапісы з царкоўнымі службамі і гімнаграфічнымі тэкстамі ў гонар святаў і святых. Сярод іх – унікальная богаслужбовая кніга “Трыёдзь Цвятная”, якая была выдана ў Маскве ў 1604 годзе. Асобны акцэнт на выставе зроблены на ролі богаслужэбнага аблачэння розных колераў, якія адпавядаюць вызначаным святам і сімвалізуюць іх духоўнае значэнне.
Выстава будзе працаваць да 14 красавіка.