18 красавіка 2019 года ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі адбудзецца першае сумеснае мерапрыемства з літоўскімі партнёрамі ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Культурная спадчына па абодва бакі мяжы” Праграмы транспамежнага супрацоўніцтва Латвія – Літва – Беларусь 2014–2020 гады. Выстаўка “Велікоднае сугучча. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва беларуска-літоўскага памежжа” прымеркавана да свята Вялікадня. Сімвалам Пасхі з’яўляецца велікоднае яйка. Традыцыі роспісу пісанак захаваліся на беларуска-літоўскім памежжы да сённяшняга дня. Унікальны збор велікодных яек 1930-х гадоў, а таксама сучасныя творы, выкананыя ў тэхніках васкавання, гравіравання, роспісу, дэкарыравання тканінай, саломкай, створаныя народнымі майстрамі з Літоўскай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь (Гэлена Зайко, Антаніна Юрчэня, Аста Чмукене, Алена Чумрай, Алена Сідзякіна, Марына Ярэмчык), будуць прадстаўлены на выставе. Асаблівы шарм экспазіцыі нададуць райскія сады з саломкі Лаймы Гягужыце-Савішчавене і выцінанкі Дыяны Лукашюнайце.
Як ствараюцца арыгінальныя велікодныя яйкі, можна будзе ўбачыць на ўласныя вочы падчас майстар-класа, які будзе прапанаваны літоўскімі і беларускімі майстрамі наведвальнікам выставы падчас адкрыцця.
Выстаўка прадоўжыцца да 26 мая.