Хрышчэнне Гасподняе (Богаяўленне)

Іканаграфічная кампазіцыя ілюструе сюжэт з Евангелляў: паводле Матфея (3, 13-17), Марка (1, 9-11) і Лукі (3, 21-22). Калі Ісусу Хрысту споўнілася 30 гадоў, Ён выступіў на адкрытае служэнне для выкуплення роду чалавечага (па ветхазапаветнаму закону раней 30 гадоў прымаць званне настаўніка ці сан свяшчэнніка не дазвалялася). Збавіцель прыйшоў да Іаана Прадцечы і прыняў ад яго хрышчэнне ў водах ракі Іардан.

Богаяўленнем гэтую падзею назвалі таму, што пры хрышчэнні Збавіцеля свету з’явілася Прасвятая Тройца: Бог Айцец з нябёсаў сведчыў аб сваім Сыне: “…гэта Сын Мой Узлюблены, Якога Я ўпадабаў” (Мф. 3, 17), а Бог Дух Святы сышоў на Бога Сына ў выглядзе голуба.

Раннія выявы сюжэта Хрышчэння вельмі простыя: Іаан падае руку Ісусу Хрысту, які выходзіць з Іардана, над імі голуб. Пазней сюжэт ускладняецца, дадаюцца фігуры анёлаў. Паясная выява Бога Саваофа ў аблоках не мае самастойнага значэння, яна размяшчаецца ў цэнтры зверху ў такіх складаных кампазіцыях, як “Дабравешчанне”, “Выбраныя святыя”, “Богаяўленне” і інш. За Іаанам Прадцечай выява дрэва з чорнай сякерай, якая ў хрысціянскім мастацтве сімвалізуе разбурэнне, уладу, знатнасць, а таксама ахвярапрынашэнне. Сякера з’яўляецца іканаграфічным атрыбутам Іосіфа Назарэйскага, які быў цесляром, а таксама абезгалоўленых апостала Матфея і Іаана Хрысціцеля. Сякера ў дрэве сімвалізуе перамогу над злом, над каранямі дрэва – Страшны Суд.

Ікона, прадстаўленая ў экспазіцыі, стараабрадчаскага паходжання. Стараабрадчаства – складаная рэлігійная і культурная з’ява, якая налічвае больш за трохсотгадовую гісторыю. Стараабрадцы і ў пачатку ХХ ст. захоўвалі старажытную тэхналогію візантыйскага іконнага пісьма і каноны старажытнарускага іканапісу.

Scroll to Top