Іканаграфічным сюжэтам, які склаўся на падставе Евангелляў паводле Матфея (17, 1-9), Марка (9, 2-9) і Лукі (9, 28-36), ілюструецца цудоўнае праабражэнне Госпада Ісуса Хрыста на гары Фавор перад Яго вучнямі Пятром, Іаанам і Іакавам.
Праабражэнне Гасподняе – з’ява і пацвярджэнне чалавекам Хрыстом Яго Божай прыроды. Гэта было зроблена Збавіцелем не пры вялікай колькасці народа, а толькі для абраных вучняў і толькі пасля доўгага і цяжкага ўзыходжання на вяршыню гары. Як пацвярджэнне Боскасці Ісуса Хрыста вучням з’явіліся два прарокі: ад свету памерлых – Майсей, ад свету жывых – забраны на неба Ілья, які не пазнаў смерці. Прарокі прадсталі, каб паказаць, што Хрыстос – Уладыка жывых і мёртвых. Гара Фавор уяўляе сабой Царкву, таму што Ісус Хрыстос аб’яднаў на ёй два Запаветы і паказаў, што Ён ёсць Падаўца абодвух.
Іканаграфія свята спачатку насіла сімвалічны характар. Самую раннюю кампазіцыю на сюжэт Праабражэння можна знайсці ў роспісе Равены. Мазаіка ў царкве Сан-Апалінарыё-ін-Класе (VI ст.) выканана ў тыповым духу раннехрысціянскіх іншасказанняў. Так, у ніжняй частцы кампазіцыі знаходзіцца выява гары Фавор з дрэвамі, сярод якіх змешчаны тры агнцы, якія сімвалізуюць апосталаў Пятра, Іакава і Іаана. У далейшым іканаграфія Праабражэння стала прадстаўляць канкрэтныя выявы Ісуса Хрыста, прарокаў і апосталаў.
Ікона, прадстаўленая ў экспазіцыі, стараабрадчаскага паходжання. Стараабрадчаства – складаная рэлігійная і культурная з’ява, якая налічвае больш за трохсотгадовую гісторыю. Стараабрадцы і ў пачатку ХХ ст. захоўвалі старажытную тэхналогію іконнага пісьма візантыйскага паходжання і каноны старажытнарускага іканапісу.
