Спас Нерукатворны на ўбрусе

“Спас Нерукатворны” – асаблівы тып выявы Хрыста, які прадстаўляе Яго лік на ўбрусе або чарапіцы. Згодна царкоўнаму паданню, “Спас Нерукатворны на ўбрусе” – першая прыжыццёвая выява Ісуса Хрыста, якая ўзнікла цудоўным чынам. Лік Збавіцеля – нерукатворны адбітак на плаце, ці хусце (царкоўнаслав. убрус), для эдэскага цара Аўгара V, які паслаў мастака, каб напісаць партрэт Ісуса. Аднак мастак не здолеў падысці да Хрыста, бо за Ім хадзіла мноства народу. Тады Ісус папрасіў вады, абмыў твар і абцёр яго палатном, ці хустай, на якой адлюстраваўся Яго лік. Хрыстос прызваў мастака да Сябе і перадаў яму ўбрус, праз які цар Аўгар атрымаў вылячэнне.

Нерукатворны вобраз да X ст. з’яўляўся галоўнай святыняй Эдэсы. Ён быў размешчаны ў нішы над гарадской брамай, затым замураваны чарапіцай і цэглай. У 545 г. ён адбіўся на чарапіцы (“Спас Нерукатворны на чарапіцы”). У 944 г. быў урачыста перанесены ў Канстанцінопаль. Страчаны пасля нашэсця крыжакоў у 1204 г. Шматлікія спісы з гэтага вобраза захоўваюцца і ўшаноўваюцца хрысціянамі па ўсім свеце.

У рускай іканаграфіі звод “Спас Нерукатворны на ўбрусе” вядомы з ХІ–ХІІ стст. У XVII ст. шырока распаўсюджваецца варыянт “Плат Святой Веранікі” (заходняя традыцыя), які трактуе паходжанне Нерукатворнага вобраза згодна апокрыфу, у якім распавядаецца аб тым, што лік Хрыста адбіўся на плаце, якім набожная жанчына Вераніка выцерла твар Збавіцеля на Яго шляху на Галгофу.

Scroll to Top