Іканаграфія засноўваецца на Евангеліях паводле Матфея (1, 6-9), Марка (11, 7-10), Лукі (19, 35-38) і Іаана (12, 12-15), а таксама на апокрыфе Нікадзіма.
Выявы на гэты сюжэт упершыню з’яўляюцца на рэльефах раннехрысціянскіх саркафагаў IV ст. і ўяўляюць сабой простую схему. Так, на саркафагу Юнія Баса Ісус Хрыстос прадстаўлены вярхом на асле, перад Ім два чалавекі: адзін сцеле адзенне, другі – зрывае галінкі пальмы. Асел, па тлумачэнні Святых Айцоў, – гэта неўтаймаваны народ язычаскі. Асліца, якая ўзгадваецца ў евангеліста Матфея, – народ іўдзейскі.
З цягам часу іканаграфічная схема змянялася нязначна, дадаваліся толькі новыя дэталі. Разгорнутая класічная схема вядома ў двух варыянтах: Ісус Хрыстос можа быць звернуты лікам да жыхароў Іерусаліма (гэта старажытная візантыйская традыцыя, характэрная і для рускіх ікон); другі варыянт – Збавіцель звернуты лікам да апосталаў – узнікае ў пачатку XIV ст. Апосталы, напісаныя на фоне горы, размяшчаюцца злева. Часам у гары малюецца пячора, якая сімвалізуе будучую труну Гасподню. Хрыста сустракаюць як цара. І пасціланне адзення, і пальмавыя галіны з’яўляліся ў старажытных народаў знакамі пашаны пры сустрэчы асабліва важных і знатных людзей, а таксама воінаў-пераможцаў. На сярэднявечных сербскіх і наўгародскіх фрэсках выяву асла замянялі выявай каня, што на самой справе не адпавядае ні тэкстам Евангелляў, ні старазапаветнаму прароцтву Захарыі (Зах. 9, 9).
Правобразнае і сімвалічнае значэнне гэтай падзеі – сведчанне аб надыходзячым Уваскрэсенні і Другім прышэсці Ісуса Хрыста, калі Сын Божы з’явіцца ў славе.
Ікона, прадстаўленая ў экспазіцыі, стараабрадчаскага паходжання. Стараабрадчаства – складаная рэлігійная і культурная з’ява, якая налічвае больш за трохсотгадовую гісторыю. Стараабрадцы і ў пачатку ХХ ст. захоўвалі старажытную тэхналогію візантыйскага іконнага пісьма і каноны старажытнарускага іканапісу.
