Распяцце з прадстаячымі

Аб распяцці на крыжы Ісуса Хрыста распавядаюць усе чатыры евангелісты: Матфей (27, 33-38), Марк (15, 22-27), Лука (23, 33-43), Іаан (19, 17-25). Іканаграфія сюжэта засноўваецца на Евангеллях, а таксама на апокрыфе Нікадзіма.

У раннехрысціянскі перыяд крыжовая ахвяра Збавіцеля ўяўлялася праз старазапаветныя вобразы. Адным з такіх правобразаў з’яўлялася прынясенне Ісаака ў ахвяру Аўраамам. Гісторыя развіцця іканаграфіі Распяцця пачынаецца з V ст. Выявы разбойнікаў у сюжэце з’явіліся ў V–VI стст. Разумны злодзей кананічна размяшчаецца па правую руку Ісуса Хрыста. На разумнага злодзея паказвае паднятая ўгару перакладзіна крыжа, нагадваючы аб тым, што яго, які паверыў у Хрыста, чакала Царства Нябеснае, а ганьбавальніка Хрыста – пекла. Выявы Маці Божай і Іаана Багаслова з’явіліся ў сюжэце ў VI ст. Пазней сталі пісаць Марыю Магдаліну, Марыю Клеопаву, Марыю Іакаўлеву, Саламею і інш. Эпізод прабівання цела Ісуса Хрыста кап’ём ёсць толькі ў Евангеллі ад Іаана (Ін. 19, 31-37). Евангеліст Марк паведамляе аб прысутнасці на пакаранні рымскага сотніка (Мк. 15, 39). Імя сотніка ў евангелістаў не ўзгадваецца і вядома толькі з апакрыфічных крыніц. Выява чэрапа Адама з’явілася ў сюжэце ў IX ст. і тлумачыцца Святымі Айцамі Царквы тым, што на гары Галгофа быў пахаваны Адам, першы чалавек на Зямлі. Кроў Збавіцеля абмыла косткі і чэрап, змыўшы тым самым першародны грэх чалавецтва.

Евангеллі не даюць апісання формы крыжа, на якім быў распяты Хрыстос. Васьміканцовы крыж увайшоў у іканаграфію даволі позна. Мяркуецца, што першым вядомым пісьменнікам, які сцвярджаў, што ў крыжа было падножжа, быў епіскап Рыгор Турскі (VІ ст.). У далейшым гэтая думка замацавалася ў іканаграфіі. У старажытнасці заходнія і ўсходнія мастакі пісалі Распяцце з аднолькавай колькасцю цвікоў – з чатырма. Аднак з XII ст. на Захадзе пачалі пісаць тры цвікі. Гэтая акалічнасць стала адным з істотных адрозненняў праваслаўнага і каталіцкага жывапісу.

На старажытных выявах Распяцця цела Хрыста прамое, рукі выцягнуты прама, без выгіну. Так падкрэслівалася велічнасць, бясстраснаць Божай прыроды Хрыста. Выгнутае цела Хрыста першапачаткова з’явілася ў візантыйскай традыцыі і адтуль перайшло на Захад, дзе стала пануючым у перыяд готыкі і рэнесансу. Традыцыя прадстаўляць абвіслага, пакутніцкага Хрыста фарміравалася ў Візантыі паступова, у IX–XII стст., як вынік іканаборчаскага перыяду, падчас якога абудзілася цікавасць да свецкіх формаў мастацтва і антычнасці. У далейшым праваслаўная традыцыя адмовілася ад акцэнтавання фізічных пакут Хрыста – выгін цела і рук, патокі крыві па целе і ліку. На Захадзе замацаваўся эмацыянальны, пакутніцкі тып Збавіцеля.

Scroll to Top