Іканаграфія склалася на аснове тэкстаў Псалтыра, “Пакаяння апостала Пятра” і, галоўным чынам, пад уплывам апакрыфічных сачыненняў – “Евангелле Нікадзіма”, “Слова Яўсевія”. У паданнях гаворыцца аб тым, што пасля таго як укрыжаваны Збавіцель Ісус Хрыстос памёр, Ён зышоў у пекла і вывеў адтуль першых людзей Адама і Еву, цароў Давіда і Саламона і іншых прарокаў і праайцоў, першародны грэх якіх Ён выкупіў Сваёй смерцю на крыжы.
Аб Сашэсці Ісуса Хрыста ў пекла апосталы прама не гавораць, існуюць толькі асобныя ўзгадванні аб Яго знаходжанні там. Так, апостал Пётр указвае на гэта ў дзень Пяцідзясятніцы ў “Дзеяннях святых апосталаў” (Дзеян. 2, 30-31), а таксама ў сваім Пасланні (1 Пт. 3, 19-20; 4, 6). Узгадвае аб гэтым і апостал Павел у Пасланні да эфесян (4, 8-9). Ніхто не назіраў і цуда Уваскрэсення Хрыстова. У сувязі з гэтым абразы “Уваскрэсенне”, “Сашэсце ў пекла – Уваскрэсенне” належаць да сімвалічных выяў. У старажытнарускім жывапісе да канца XVI ст. тэма “Уваскрэсенне Хрыстова” падавалася пад відам “Сашэсця ў пекла”.
Вытокі іканаграфіі ўзыходзяць да візантыйскага мастацтва. На Русі гэтая кампазіцыя вядома з ХІ ст. (фрэскі Сафійскага сабора ў Кіеве). Распаўсюджаны былі і сюжэты заходняга паходжання – Хрыстос выходзіць з пячоры ці ўзнімаецца з разбуранай труны, побач знаходзяцца анёлы, воіны падаюць на зямлю або разбягаюцца.
Абраз, прадстаўлены ў экспазіцыі, з клеймамі: вакол сюжэта “Сашэсце ў пекла” клеймы з выявамі асноўных падзей з жыцця Ісуса Хрыста.
Ікона стараабрадчаскага паходжання. Стараабрадчаства – складаная рэлігійная і культурная з’ява, якая налічвае больш за трохсотгадовую гісторыю. Стараабрадцы і ў пачатку ХХ ст. захоўвалі старажытную тэхналогію візантыйскага іконнага пісьма і каноны старажытнарускага іканапісу.
