Іканаграфія сюжэта Узнясення Госпада Ісуса Хрыста ўзыходзіць да візантыйскага мастацтва і склалася на падставе тэкстаў Евангелля паводле Лукі (Лк. 24, 50-51) і Дзеянняў апосталаў (Дзеян. 1, 9-11). Кароткі пераказ гэтай падзеі даецца ў заканчэнні Евангелля паводле Марка (Мк. 16, 19).
Паводле гэтых апавяданняў, пасля свайго Уваскрэсення Ісус Хрыстос неаднаразова з’яўляўся Сваім вучням, даказваючы ім праўдзівасць Свайго цялеснага Уваскрэсення. Урэшце, загадаўшы вучням не адлучацца з Іерусаліма і чакаць абяцанага ад Айца Духа Суцяшыцеля (Лк. 24, 49; Іаан. 14, 16-17; Дзеян. 1, 4), Гасподзь вывеў вучняў з горада ў Віфанію, на гару Елеон (Дзеян. 1, 12), і, падняўшы рукі, даў ім блаславенне, а затым стаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба. Паводле “Дзеянняў святых апосталаў”, Хрыстос, пачаўшы ўзносіцца на неба, быў сакрыты воблакам, і ў той момант з’явіліся “два мужы ў белым адзенні”, якія абвясцілі аб Яго Другім прышэсці. Вучні пакланіліся Яму і з радасцю вярнуліся ў Іерусалім (Лк. 24, 52), дзе праз некалькі дзён на іх сышоў Святы Дух (Дзеян. 2, 1-4). Аб прысутнасці Дзевы Марыі пры Узнясенні Ісуса Хрыста сведчыць царкоўнае паданне: творы святых айцоў, богаслужэбныя тэксты свята.
Самай ранняй дайшоўшай да нас выявай Узнясення з’яўляецца рэльеф на драўляных дзвярах царквы Санта-Сабіна ў Рыме (V ст.). На ампуле Монцы (VI ст., скарбніца сабора Св. Іаана Прадцечы ў Монцы, Італія) прадстаўлена кампазіцыя, якая поўнасцю склалася да гэтага часу: чатыры анёлы падтрымліваюць мандорлу (святло авальнай формы) з Хрыстом, які сядзіць на прастоле, знізу Маці Божая Аранта і дванаццаць ажыўлена размаўляючых апосталаў. Згодна іканаграфічнаму канону, Маці Божая павінна быць у позе Аранты (малітоўная поза з уздзетымі рукамі), па баках ад Яе два анёлы і апосталы. У верхнім рэгістры ў мандорле, якую падтрымліваюць чатыры анёлы, – Ісус Хрыстос. На гары маюцца выявы ступняў ножак Ісуса Хрыста.
Ікона, прадстаўленая ў экспазіцыі, стараабрадчаскага паходжання. Стараабрадчаства – складаная рэлігійная і культурная з’ява, якая налічвае больш за трохсотгадовую гісторыю. Стараабрадцы і ў пачатку ХХ ст. захоўвалі старажытную тэхналогію візантыйскага іконнага пісьма і каноны старажытнарускага іканапісу.
