На іконе прадстаўлены святыя: у цэнтры – апостал Андрэй Першазваны (першы з вучняў, пакліканых Ісусам Хрыстом), злева – першавярхоўны апостал Павел, справа – першавярхоўны апостал Пётр. Верагодна, абраз пісаўся па іканаграфічным узоры XIV ст. – абразе з манастыра Святой Кацярыны на Сінаі, асаблівасцю якога з’яўляецца аўтэнтычнае размяшчэнне апосталаў.
Пачатак распаўсюджвання хрысціянства на землях будучай Русі царкоўная традыцыя звязвае з прапаведніцкай дзейнасцю апостала Андрэя Першазванага ў I ст. Святы апостал Андрэй – вучань Ісуса Хрыста з ліку дванаццаці апосталаў, згодна Евангеллям паводле Матфея (4, 18) і Марка (1, 16), брат святога апостала Пятра. Разам з Пятром прапаведаваў хрысціянства скіфам – плямёнам, якія жылі на паўднёвых, усходніх і паўночна-ўсходніх берагах Чорнага мора. Летапісы распавядаюць аб яго місіянерскай дзейнасці ў мясцінах, дзе пазней узніклі Кіеў і Ноўгарад. Нестар Летапісец у “Аповесці мінулых гадоў” паведамляе аб пропаведзі святога апостала Андрэя Першазванага, які з Сінопы праз Херсанэс даходзіў берагам Дняпра да месца будучага Кіева: “Святый апостол Андрей постави крестъ, где же ныне град Киевъ”. Паводле падання, адтуль ён адправіўся на поўнач, да берагоў Волхава і возера Ільмень, а затым у Рым.
Летапіснае сведчанне пра дабравешчанне апостала Андрэя на тэрыторыі будучай Русі было надзвычай важным для хрысціян, якія засялялі гэтыя землі. Гэтым сведчаннем падкрэслівалася, перш за ўсё, апостальская пераемнасць Рускай Царквы, асаблівае выбранства Русі як захавальніцы непашкоджанага апостальскага Падання.
