Св. Кірыл Тураўскі (каля 1113 – пасля 1190) – беларускі і ўсходнеславянскі царкоўны дзеяч, пісьменнік, паэт, багаслоў. З 1161 г. епіскап Тураўскі. Праславіўся як майстар хрысціянскай аратарскай прозы, прапаведнік, галоўны клопат якога – духоўнасць суайчыннікаў адпаведна этычным і эстэтычным ідэалам эпохі. У асобных творах закранаў надзённыя маральна-этычныя праблемы, важныя пытанні грамадска-палітычнага жыцця. Аўтар малітваў, павучанняў, прытчаў, канонаў. Захавалася каля 70 твораў, сярод якіх “Сказанне пра чын чарнарызца”, “Слова пра паходжанне манаскага жыцця”, малітоўны сядмічны цыкл (32 малітвы-споведзі), тры Вялікія каноны (на ўспенне княгіні Вольгі, Малітоўны, Пакаянны), урачыстыя і дыдактычныя пропаведзі, за якія быў празваны Златавустам. Магчыма, ужо ў пач. XIII ст. ушаноўваўся як святы (звесткі пра яго афіцыйную кананізацыю не выяўлены).
