Полацкая Спаса-Праабражэнская (Спаская) царква – помнік старажытнага мураванага дойлідства на беларускіх землях, узор Полацкай архітэктурнай школы. Згодна жыцію прападобнай Еўфрасінні Полацкай, пабудавана з бласлаўлення епіскапа Міны па яе заказе як саборны храм Спаса-Праабражэнскага манастыра паміж 1152 і 1161 гг. полацкімі дойлідамі пад кіраўніцтвам майстра Іаана. Існуе меркаванне, што сама арцель дойлідаў была епіскапскай, а Іаан, мяркуючы па жыцію, быў манахам.
Гэта прамавугольны ў плане трохнефавы шасцістоўпны крыжова-купальны храм. Інтэр’ер аздоблены фрэскамі XII ст. – унікальнымі творамі старажытнага манументальнага мастацтва. Фрэскі (выявы святых, сюжэтныя і арнаментальныя кампазіцыі) – у агульных рысах візантыйска-кіеўскія. Вялікую цікавасць уяўляюць фігуры выяўленых святых. Дэталёва прапісана адзенне Айцоў Царквы Іаана Златавуста і Васіля Вялікага. Сярод выяў – галава невядомай святой, якую некаторыя даследчыкі атаясамліваюць са Святой Еўфрасінняй. Арыгінальнасць роспісаў заключаецца ў дынамічнасці, псіхалагічнасці, эмацыянальнай глыбіні вобразаў.
Спаса-Праабражэнская царква – адзіны помнік полацкага мураванага храмабудаўніцтва XII ст., які дайшоў да нашага часу ў аўтэнтычным архітэктурным стане да ўзроўню скляпенняў.