Дамінік дэ Гусман (1170–1221) – заснавальнік манаскага ордэна дамініканцаў, зацверджанага Папам Ганорыем ІІІ у 1216 г. Адна з найбольш ранніх мастацкіх інтэрпрэтацый вобраза святога – выява на фрэсцы ў неапалітанскім касцёле, дзе ён прадстаўлены з адкрытай кнігай у левай руцэ. На старонках кнігі лацінскі тэкст: “Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце”. Св. Дамінік вызначыў галоўныя напрамкі дзейнасці арганізацыі – місіянерства і пастырства. Ён паслядоўна выступаў за захаванне царкоўнай дагматыкі, супраць ерасяў. Арганізаваў манаскае жыццё па правілах індывідуальнай і супольнай беднасці, адмовы ад пастаяннага пражывання ў манастыры. Вялікую ўвагу надаваў усебаковай адукацыі. Кананізаваны ў 1234 г.
