“Мы так прывыклі карыстацца календаром, што нават не зусім усвядамляем сабе якая вялікая ў нашым жыцці і ва ўсім нашым мысленні роля ўпарадкаванага ліку часу; між тым няцяжка бачыць, што ніякая культура немагчыма без яго”, – пісаў расійскі астраном прафесар Н.І. Ідэльсон, аўтар кнігі “Гісторыя календара”.
Каляндар – гэта сістэма вылічэння вялікіх прамежкаў часу, заснаваная на перыядычнасці руху нябесных цел: сонца – у сонечных календарах, месяца – у месяцавых календарах і адначасова сонца і месяца – у месяцава-сонечных календарах. Календаром таксама называецца спіс дзён года з падзелам на дні, тыдні і месяцы, з пазначэннем святаў. Слова “каляндар” мае лацінскія карані. Паходзіць ад слова “calendarium” – літаральна “даўгавая кніга”. У Старажытным Рыме існавала традыцыя, згодна з якой працэнты па даўгах было прынята аддаваць у першых чыслах кожнага месяца. Таму першыя дні месяца называлі календамі (лац. Calendae).
З глыбіні стагоддзяў дайшлі да нас звесткі пра тое, як людзі назіралі змену часоў года, якімі спосабамі вялі лік часу, ствараючы розныя сістэмы летазлічэння. Самымі вядомымі з гэтых сістэм з’яўляюцца юліянскі каляндар, уведзены ў 45 годзе да н.э. рымскім імператарам Юліем Цэзарам, і грыгарыянскі каляндар, які ўвёў Папа Рымскі Грыгорый XIII ў 1582 годзе. Гісторыя ведае і іншыя календары – напрыклад, асірыйскі, шумерскі, ацтэкскі, майянскі, будыйскі, яўрэйскі, ісламскі, кітайскі (усяго каля 50).
Першы ў свеце друкаваны каляндар – насценны астранамічны – з’явіўся дзякуючы намаганням Іагана Гутэнберга ў 1448 годзе. Адным з першых друкаваных календароў усходніх славян можна назваць “Малую падарожную кніжку” беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Выдадзеная ў 1522 годзе ў Вільні, яна змяшчала Святцы і разлічаную на 20 гадоў Пасхалію.
З часам, па меры развіцця прамысловасці, ў свеце з’явілася вялікая разнастайнасць друкаваных календароў: адрыўныя, перакідныя, табель-календары, насценныя, настольныя, кішэнныя. Па прызначэнні і тэматыцы календары падзяліліся на сельскагаспадарчыя, прафесійныя, канфесійныя, жаночыя, дзіцячыя і іншыя.
Вось ужо больш за пяць стагоддзяў каляндар з’яўляецца нязменным спадарожнікам чалавека, неабходным для планавання спраў, фінансавых тратаў, працы і адпачынку. “Мудрае размеркаванне часу ёсць аснова для дзейнасці”, – пісаў яшчэ ў XVII стагоддзі чэшскі біскуп, педагог-гуманіст і пісьменнік Ян Амос Каменскі. У пацвярджэнне яго слоў – прадстаўленыя на выставе календары розных відаў і прызначэння, якія датуюцца XVII – пачаткам XXI стагоддзя. Сярод іх літургічныя календары ў старадрукаваных богаслужбовых кнігах XVII–XIX стагоддзяў, дастаткова рэдкія сёння выданні ХІХ стагоддзя – “Месяцасловы гаспадарчыя”, якія акрамя пераліку дзён памяці хрысціянскіх святых змяшчалі шырокія раздзелы з карыснымі парадамі, астранамічнымі і астралагічнымі дадзенымі. Прадстаўлены таксама календары – “Гаспадарча-камерцыйны”, “Віленскі”, “Ілюстраваны”, “Літоўскі”, “Яўрэйскі” і іншыя выданні ХІХ – пачатку XX стагоддзя, адрыўныя календары на 1917, 1938, 1944 гады, “Каляндар калгасніка”, “Каляндар антырэлігіёзніка”, канфесійныя і тэматычныя календары (насценныя, настольныя, кішэнныя, адрыўныя) XX–XXI стагоддзяў. Належнае месца ў экспазіцыі займаюць таксама гадзіннікі (насценныя, настольныя, наручныя) – сведкі скарацечнасці часу ў розныя гістарычныя эпохі.