Канстанцін (Васіль) Астрожскі

Партрэт. Канстанцін (Васіль) Астрожскі – князь на Астроге і Тарнове

XVIII ст. (з арыгінала кан. XVI ст.)

Копія. Г. Парафянюк (нар.1962)

Мінск. 2008 г.

Палатно. Алей

Астрожскія – княжацкі род уласнага герба “Астрог”. Першы вядомы з роду Астрожскіх – князь Даніла, уладальнік г. Астрог на Валыні ў сяр. XIV ст. (адсюль і прозвішча). Прадстаўнікі роду займалі высокія дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім, былі буйнымі землеўладальнікамі: у XV–XVI стст. шляхам велікакняжацкіх дарэнняў і заключэння выгадных шлюбаў сабралі велізарныя зямельныя ўладанні на Украіне, мелі маёнткі ў Беларусі, Літве і Польшчы. З’яўляліся мецэнатамі Праваслаўнай Царквы. Найбольш вядомымі апекунамі і абаронцамі праваслаўя з роду Астрожскіх былі Канстанцін Іванавач і яго малодшы сын Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч.

Канстанцін Іванавіч Астрожскі (каля 1460–1530) – найвышэйшы гетман Вялікага Княства Літоўскага (1497–1500; 1507). Будаваў храмы ў Вільне, Дубне, Смалявічах, рабіў уклады ў Кіева-Пячэрскую лаўру, Дзярманскі і Межырэцкі манастыры. Дамогся адмены забароны на пабудову праваслаўных цэркваў у дзяржаўных уладаннях, пацвярджэння права Праваслаўнай Царквы на незалежны суд. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч Астрожскі (каля 1524–1608) – дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, абаронца праваслаўя ў 2-й пал. XVI ст., галоўны апякун Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай. Быў фундатарам храмаў у Новагародку, Смалявічах, Тураве. У 1570-я г. заснаваў у г. Астрог (Валынь) школу і друкарню, дзе ў 1581 г. была выдадзена першая поўная славянская кірылічная Біблія. Падтрымліваў праект уніі Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў на раўнапраўных умовах. Не прыняў Берасцейскую унію 1596 г. і вёў з ёю барацьбу. Пахаваны ў Астрожскай Богаяўленскай царкве.

Scroll to Top