Святая Юліянія Альшанская (? – 1550?) – дабраверная князёўна са старажытнага княжацкага роду Дубравіцкіх-Альшанскіх, вядомага з канца IX ст. Князі Альшанскія рабілі шчодрыя ахвяраванні на карысць Кіева-Пячэрскага манастыра, з насельнікамі якога падтрымлівалі цесныя духоўныя сувязі. Юліанія – дачка праваслаўнага магната Юрыя (Георгія) Альшанскага. Пра яе жыццё захавалася вельмі мала звестак. Згодна жыцію, выхоўвалася ў духу хрысціянскай пакорлівасці і міласэрнасці, вызначалася любоўю да навук, павагай да свяшчэнства. Шчэдра абдорвала Кіева-Пячэрскую лаўру, асабліва клапацілася пра веліч храма Успення Прасвятой Багародзіцы. Памерла ў 16-гадовым узросце і была пахавана ў агароджы Кіева-Пячэрскай абіцелі, каля Успенскага сабора, у труне, на якой была зроблена выява герба князёў Альшанскіх і прыбіта пазалочаная дошчачка з надпісам: “Иулиания, княжна Ольшанская, дочь князя Георгия Ольшанского, представившаяся девою от рождения своего шестнадцатое”.
Мясцовае царкоўнае шанаванне дабравернай князёўні пачалося з 1624 г., калі было ўстаноўлена святкаванне адшукання яе мошчаў пры Кіеўскім мітрапаліце Пятры Магіле, якому Святая з’явілася ў сонным бачанні. Рака з мошчамі была пастаўлена ва Успенскім саборы. Падчас пажару 1718 г. яна моцна пацярпела. Захаваныя пасля пажару часткі мошчаў былі складзены ў труну і перанесены ў Блізкія (Антоніевы) пячоры. У канцы XVII ст. была выдадзена Аповесць аб адшуканні мошчаў Святой князёўні Юліаніі. Згодна Аповесці, па малітвам вернікаў ля яе труны здзяйсняліся цуды і вылячэнні хворых. Агульнацаркоўнае шанаванне Святой было ўстаноўлена ўказамі Свяцейшага Сінода 1762, 1775 і 1784 гг., згодна з якімі было дазволена друкаваць службы Кіева-Пячэрскім прападобным і ўносіць іх імёны ў агульнацаркоўныя маскоўскія месяцасловы.
