Пячэрскі (Свенскі) абраз Маці Божай

На іконе побач з Маці Божай выяўлены Святыя падзвіжнікі  XI ст. – заснавальнікі Кіева-Пячэрскага Успенскага мужчынскага манастыра: пачынальнік рускага манаства прападобны Антоній (983 – 1073) і першы заснавальнік манаскага жыцця абшчыннага тыпу ў рускіх манастырах, ігумен Кіева-Пячэрскі Феадосій (каля 1036 – 1074). Заснаваная прападобным Антоніем і добраўпарадкаваная прападобным Феадосіем Кіева-Пячэрская абіцель стала самым значным цэнтрам манаскага і царкоўнага жыцця на старажытнарускіх землях і зрабілася ўзорам для іншых праваслаўных манастыроў, у тым ліку на землях Вялікага Княства Літоўскага. Многія выдатныя прадстаўнікі магнацкіх і шляхецкіх родаў (Алелькавічаў, Астрожскіх, Альшанскіх і інш.), якія рабілі шчодрыя ахвяраванні на карысць Кіева-Пячэрскай лаўры, былі пахаваныя ў яе агароджы.

Гісторыя не захавала назваў усіх праваслаўных манастыроў, якія існавалі на беларускіх землях у адзначаны перыяд (2-я палова XIII – 1-я палова XVI ст.). У кожным епіскапскім і княжацкім горадзе быў пабудаваны манастыр і нават некалькі. Па апублікаваных актавых матэрыялах можна прыблізна назваць колькасць манастыроў, якія дзейнічалі ў XV – сярэдзіне XVI стагоддзя.: усяго – 51 (магчыма – 56), з іх 8-10 – жаночых. Многія манастыры з’яўляліся цэнтрамі кнігапісання і кнігадрукавання (гл. карту “Праваслаўныя манастыры на беларускіх землях у Вялікім Княстве Літоўскім да Люблінскай уніі 1569 г.”).

Князі і шляхта Вялікага Княства Літоўскага разумелі вялікае значэнне манастыроў і ахвотна будавалі іх на свае сродкі, рабілі на іх карысць вялікія грашовыя, зямельныя і іншыя ўклады. Яны ўносілі ахвяраванні на вечнае памінанне сваёй душы, што сведчыць аб рэлігійнасці вышэйшых слаёў беларускага насельніцтва (напрыклад, уклады ў Лаўрышаўскі монастыр рабілі князь Войшалк, Альгердавічы, Храптовічы, Хадкевічы і інш.; у Супрасльскі манастыр – Хадкевічы).

Scroll to Top