Абраз Маці Божай Адзігітрыі – узор беларускай школы іканапісу, якая сфарміравалася ў XVI–XVII стст. і мела выразныя познегатычныя і рэнесансныя рысы: рэалістычны характар пісьма, разны па ляўкасе раслінны арнамент, арачнае завяршэнне пазалочанага арнаментальнага фону, высвятленне твараў, індывідуалізацыя і аб’ёмнасць вобразаў і інш.
На працягу XIII–XV стст. развіццё іканапісу ў Вялікім Княстве Літоўскім адбывалася на аснове візантыйскага і старажытнарускага мастацтва. На жаль, іканапісная спадчына гэтага часу амаль цалкам згублена. З пачатку XVI ст. ужо быў прыкметны ўплыў рэнесанснага мастацтва на праваслаўную іканаграфію, што дае падставу гаварыць пра пачатак беларускай жывапіснай школы, якая фарміруецца на працягу XVI–XVII стст. ва ўмовах істотных змен у грамадска-культурным жыцці і кантактаў з Заходняй Еўропай, перш за ўсё з Італіяй. Пры захаванні кананічнай кампазіцыі высвятляецца каларыт лікаў, вобразы надзяляюцца індывідуальнасцю і аб’ёмнасцю. Іконы пішуцца ў змяшанай тэхніцы (тэмпера і алей), а на фоне з’яўляецца раслінны арнамент, гравіраваны або разны па ляўкасу.