Музей гісторыі яўрэяў Гродна заснаваны ў 2012 годзе. Яго стварэнне супала з пачаткам рэстаўрацыі Вялікай харальнай сінагогі, дзе і размешчаны музей. Музей стаў цэнтрам збору інфармацыі аб яўрэях-ураджэнцах Гродзеншчыны: прамыслоўцах, дзяржаўных і грамадскіх дзеячах, дзеячах культуры – паэтах, мастаках, пісьменніках. На стэндах музея адлюстравана гісторыя жыцця першага і трэцяга прэзідэнтаў Ізраіля, мастака Л. Бакста, гераіні падполля Лізы Чапнік, вялікага вучонага Фелікса Зандмана і многіх іншых. Пастаянная экспазіцыя ўключае ў сябе тэму Катастрофы еўрапейскага, у тым ліку гродзенскага, яўрэйства ў гады вайны, спецыяльны раздзел пастаяннай экспазіцыі прысвечаны праведнікам свету, якія ратавалі гродзенскіх дзяцей ад пераследу нацыстаў. У зборах музея – гісторыі вязняў гродзенскага гета і фашысцкіх канцлагераў, кнігі ўспамінаў, аўдыё- і відэаапавяданні сведкаў тых трагічных дзён. У сценах музея праходзяць урокі памяці Халакосту для вучняў школ горада.
Музей размешчаны ў двух залах. Паступова знаходзіцца тое, што павінна быць знойдзена і не павінна быць забыта. Пачэснае месца ў музеі займаюць ўспаміны і прадметы, звязаныя з жыццём Рыгора Хасіда. Апошні вязень гета, які жыў у Гродна, памёр у 2013 годзе, а яго ўнікальныя відэаінтэрв’ю захаваліся для нашчадкаў на доўгія гады. Цяпер вядзецца праца ў Нацыянальным гістарычным архіве па стварэнні блока матэрыялаў, прысвечаных рэлігійнаму жыццю яўрэйскага народа ў ХIХ-ХХ стагоддзях.