Вернутыя да жыцця

Музеі не толькі захоўваюць каштоўныя артэфакты, але і клапоцяцца аб іх аднаўленні. У фондах Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі захоўваюцца гістарычныя каштоўнасці, якія патрабуюць нагляду з боку спецыялістаў, працы па іх кансервацыі і рэстаўрацыі. Слова “рэстаўрацыя” паходзіць ад лацінскага “restauratio” і азначае аднаўленне. Гэтая работа залежыць ад матэрыялаў, з якіх створаны канкрэтны прадмет, ступені захаванасці, пашкоджанняў і шмат якіх дадатковых фактараў. Можна сказаць, што ў кожным канкрэтным выпадку – гэта асаблівая праца, якая часта патрабуе нестандартных рашэнняў. Чалавекам, які доўгі час займаецца ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі аднаўленнем музейных каштоўнасцей і сапраўды вяртае іх да жыцця, з’яўляецца высокакваліфікаваны мастак-рэстаўратар Уладзімір Нікадзімавіч Кіслы (нар. 1957). Прадстаўленыя на часовай экспазіцыі работы – помнікі іканапісу і рэлігійнага жывапісу, якія паступілі ў музей пашкоджанымі і былі адноўленыя У.Н. Кіслым.

Выстаўка складаецца з трох тэматычных блокаў. Першы з іх прадстаўляе адноўленыя вобразы святых ў розных хрысціянскіх традыцыях, другі – вобразы Маці Божай, а трэці – Ісуса Хрыста. Адкрываюць выстаўку абраз на палатне “Хрыстос Уседзяржыцель”, які знаходзіцца ў працэсе рэстаўрацыі, і жывапісны партрэт Джона Хьютана, святога Рымска-каталіцкай царквы. Менавіта за рэстаўрацыю апошняй работы Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі атрымаў перамогу ў намінацыі “Лепшая праца рэстаўратара” у конкурснай праграме Першага нацыянальнага форума “Музеі Беларусі”, які адбыўся ў 2012 годзе.

Рэстаўрацыйная дзейнасць – надзвычай важная частка работы сучаснага музея. Перад вамі яе вынікі. Запрашаем пазнаёміцца з музейнымі скарбамі. Рэстаўрацыя вяртае іх да жыцця.

Scroll to Top