Калядны колазварот

Напярэдадні самых важных снежаньскіх святаў Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі і хатні тэатр “Мар’я-ўмеліца” прадставілі сумесны праект – лялечнае музычна-забаўляльнае прадстаўленне для дарослых і дзяцей “Калядны колазварот”

У бальнай зале дзяцей і дарослых сустрэлі прыгажуня-ёлка і акцёры тэатра “Мар’я-ўмеліца”. Музычна-забаўляльнае прадстаўленне “Калядны колазварот” дазволіла разам з акторамі і іх памочнікамі-лялькамі пагрузіцца ў атмасферу свята і непасрэдна ў ім паўдзельнічаць. Гэтых маленькіх герояў пасля прадстаўлення можна было патрымаць у руках і нават з імі сфатаграфавацца.

Абавязковым быў і традыцыйны карагод каля елкі. Ну а святочны настрой дапамаглі падтрымаць тэатралізаваныя гульні і азартныя конкурсы каля зялёнай прыгажуні, якія суправаджаюцца вясёлай музыкай.

У другой частцы праграмы маленькія госці падрыхтавалі ў дарогу да Святога Мікалая ровар Мароза Іванавіча, а затым прайшлі захапляльны музейны квэст, паспяхова адказаўшы нават на складаныя пытанні.

Узнагародай за старанні стала сустрэча з самім Святым Мікалаем і яго юнымі памочнікамі, якія павіншавалі ўсіх са святам старадаўняй паштоўкай ХІХ -пачатку ХХ стагоддзя, змацаваўшы загаданыя дзецьмі жаданні сапраўднай сургучнай пячаткай!

ranishnik_2016_1 ranishnik_2016_2 ranishnik_2016_3 ranishnik_2016_4