“Божы элемент” (мастацкае срэбра ХVIII – пачатку ХХ ст.)

 

29 кастрычніка ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі адкрыта новая выстава – «Божы элемент» (мастацкае срэбра ХVIII – пачатку ХХ ст.). Выставачны праект з’яўляецца першым, які ў цэлым комплексе прадстаўляе калекцыю мастацкага срэбра з фондаў музея. Ён дае магчымасць азнаёміцца з помнікамі ювелірнага мастацтва XVIII – пачатку ХХ ст., якія выкананы ў розных культурных традыцыях Захаду і Усходу.

Срэбраныя вырабы вядомы з самых старажытных часоў. Яшчэ інкі казалі пра срэбра не як пра метал, а як пра божы элемент, даўшы яму адпаведную назву – “Слёзы Месяца”.

Па сваім прызначэнні вырабы з срэбра можна ўмоўна падзяліць на дзве групы: посуд і ўпрыгажэнні.

Сімволіка срэбра адлюстравалася ў іконным абкладзе. На выставе прадстаўлены праваслаўныя абразы XVIIІ – пачатку ХХ ст. у срэбраных абкладах. Сярод іншых асабліва вылучаюцца багародзічныя. Пад уплывам заходняй традыцыі распаўсюджваецца іконаграфічны тып – Маці Божая “П’ета”: Маці Божая трымае на каленях знятае з крыжа цела свайго сына Ісуса Хрыста. Пазалочаны абклад аздоблены пышнай вінаграднай лазой, якая ў хрысціянстве сімвалізуе Збавіцеля. Мы бачым, што на срэбры, як водбліск божага свету, часта прысутнічае пазалота, сімвалізуючы святасць (срэбра), якая знаходзіцца ў промнях Божай славы (золата). Срэбра ў большай ступені адлюстроўвае чалавечую прыроду. Як сімвал цноты, яно звязана з вобразам Дзевы Марыі.

Срэбра было візітнай карткай уладальніка – сімвалам рэспектабельнасці. Пераходзячы з пакалення ў пакаленне, яно станавілася фамільным, і ім даражылі як памяццю свайго роду. На выставе прадстаўлена хатняе срэбра – асвятляльныя прыборы і посуд заходнееўрапейскага і расійскага паходжання XIX – пачатку XX ст.: талеркі, пірожніца, цукерніца, сальніца, стопкі, лыжачкі. Сярэбраныя падсвечнікі былі не толькі крыніцай святла, але і своеасаблівым знакам сямейнага дабрабыту. У вялікай колькасці вырабляліся талеркі, цукерніцы і пірожніцы, узоры якіх прадстаўлены ў экспазіцыі. Моднымі становяцца вырабы, аздобленыя эмаллю. На выставе гэта стопка, сальніца, кафейная лыжачка.

Адным з галоўных начынняў у хрысціянскай царкве з’яўляецца Еўхарыстычная чаша. Выставачную залу аздабляюць вялікія абразы, сюжэты якіх адлюстроўваюць яе духоўны сэнс. На выставе прадстаўлена найважнейшае літургічнае начынне для Таінства Еўхарыстыі ў Праваслаўнай і Каталіцкай Цэрквах. Срэбранымі ніткамі ўпрыгожваліся літургічныя тканіны. Як гэта выглядала, можна ўявіць, убачыўшы гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Срэбранае аздабленне тут – сімвал чыстага божага слова.

У экспазіцыі прадстаўлены ювелірныя вырабы XVIII – пачатку ХХ ст., якія адлюстроўваюць выканальніцкае майстэрства мастацкай апрацоўкі срэбра ў Сярэдняй Азіі. Характэрная іх рыса – акрамя дэкаратыўнай функцыі яны адыгрываюць ролю амулетаў.

Фонды Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі валодаюць калекцыяй узнагарод, памятных медалёў, знакаў і медальёнаў, якія выкананы ў Заходняй Еўропе і Расійскай Імперыі ў ХІХ–ХХ стст. Яны адлюстроўваюць сацыяльна-грамадскія і рэлігійна-царкоўныя падзеі, культ Маці Божай і святых. Многія з іх прысвечаны вядомым гістарычным дзеячам. Срэбра ідэальна падыходзіць для вырабу індывідуальных святынь: нацельных крыжыкаў і медальёнаў, якія таксама прадстаўлены на выставе.

Мастацкія вырабы з срэбра застаюцца прэстыжнымі да сённяшняга дня. Мы іх сустракаем як у побыце і мастацтве, так і сярод культавага начыння.

Больш падрабязна пазнаеміцца з хараством каштоўнага металу можна непасрэдна на выставе, якая павінна выклікаць цікавасць як у спецыялістаў, так і сярод шырокага кола наведвальнікаў.

Scroll to Top