“Laudare, Benedicere, Praedicare” (“Усхваляць, Дабраслаўляць, Прапаведаваць”)

Манаскія ордэны – скрытыя ад бачнага вока звычайнага чалавека рэлігійныя арганізацыі, якія дзейнічаюць па ўстаноўленых правілах. Іх члены жывуць адасоблена, маюць вызначаныя погляды і лад жыцця, асобныя памяшканні для пражывання, рэгламентуемае адзенне. Многія з іх працягваюць жыць за высокімі мурамі кляштараў, хаця з’явілася ўжо і шмат суполак новай фармацыі, якія дзейнічаюць больш адкрыта і не адгароджваюцца ад свету. Усе гэта выклікае асаблівую зацікаўленасць у сучаснага чалавека, які жыве ў іншым асяроддзі і прызвычаіўся да сучасных тэхналогій інтэрнэт-рэсурсаў. І калі некаторыя звесткі гістарычнага плану яму яшчэ больш даступныя, то зразумець мэту манаскіх супольнасцей, якія не прыпыняюць сваю дзейнасць да сённяшняга дня, без пэўнага жыццёвага вопыту, даволі цяжка. Напрошваецца мноства пытанняў, якія патрабуюць тлумачэння як адносна прычын вялікай разнастайнасці манаскіх ордэнаў, так і таго, што з’яўляецца крыніцай і рухомай сілай іх невычэрпнай энергіі.

Адказ на пастаўленыя і іншыя пытанні заклікана даць прысвечаная манаскім ордэнам Каталіцкай Царквы выстава “Laudare, Benedicere, Praedicare” (“Усхваляць, Дабраслаўляць, Прапаведаваць”). Назва выставачнага праекта – гэта дэвіз ордэна дамініканцаў. Ён добра перадае мэту каталіцкага манаства – жыць паводле Евангелля, служыць Богу і людзям, прапаведаваць.

У цэнтры выставы – вядомыя дзеячы, падзвіжнікі манаскага руху, рэфарматары рэлігійнага жыцця, якія сваім прыкладам і словам вялі за сабой усю астатнюю Царкву. Самаадданыя працаўнікі, яны часта валодалі дарам прадбачання, і кожны па-свойму выказваў розныя формы дзеянняў на шляху да выратавання. Іх думкі знайшлі адлюстраванне ў старажытных кнігах і рукапісах, а спосабы набожнага жыцця – у прадстаўленых статутах і прадметах культу, якія вы зможаце ўбачыць на выставе. Пранікнуць глыбей у свет хрысціянскіх вобразаў дапамогуць медалі, літыя, графічныя і жывапісныя выявы дзеячоў Царквы. Многія з іх былі адзначаны асаблівым знакам святасці – стыгматамі, як Св. Францыск Асізскі, зоркай, як Св. Дамінік Гусман або крыжам, як Св Бенядзікт Нурсійскі. На выставе прадстаўлены так званы крыж Св. Бенедыкта. Гэта самы старажытны ў Каталіцкай Царкве прадмет прыватнага шанавання. Ён нагадвае аб тым, што Св. Бенедыкт, благаслаўляючы Святым Крыжам, тварыў шматлікія цуды. Лічыцца, што медальён з выявай гэтага крыжа абараняе ад злых духаў, магіі і разнастайнага зла, здольнага нанесці шкоду душы і целу. Яго закладвалі ў падмурак пабудовы, закопвалі на полі, кідалі ў студню. Належнае месца ў экспазіцыі павінна заняць выкананая па творах знакамітых мастакоў Рэнесансу і Барока італьянская рэпрадукцыйная гравюра першай паловы ХІХ ст. Акрамя таго, на выставе можна будзе ўбачыць шматлікія выявы кляштараў, многія з якіх сёння ўключаны ў экскурсійныя маршруты, сапраўдны манаскі хабіт і святарскае аблачэнне, літургічныя тканіны і начынне, скульптуру, габелен, помнікі каталіцкага іканапісу, партрэты манахаў картузіянцаў XVII ст, якія паходзяць з Бярозы Картузскай, а таксама знакамітыя 15 малітваў шчасця Святой Брыгіты, якія былі надрукаваныя яшчэ ў 1753 г.!

Выставачны праект “Laudare, Benedicere, Praedicare” закліканы азнаёміць з найбольш вядомымі манаскімі супольнасцямі, якія былі прадстаўлены на беларускіх землях.

Scroll to Top