Музыка на ўсе часы і густы

Людзям неабходны ўсе віды музыкі – ад простага напеву жалейкі да гучання велізарнага сімфанічнага аркестра, ад немудрагелістай папулярнай песенькі да бетховенскіх санат.

Д.Д. Шастаковіч

 

Музыка – від мастацтва, які ўздзейнічае на чалавека з дапамогай гуку і адлюстроўвае яго розныя перажыванні. У адрозненне ад прасторавых мастацтваў (жывапісу, скульптуры, архітэктуры) музыка, нароўні з харэаграфіяй, тэатрам і кіно, адносіцца да часавых мастацтваў – яна рэальна існуе толькі ў выкананні, у жывым гучанні.

Музыку можна падзяліць на духоўную і свецкую. Духоўная музыка звязана з тэкстамі рэлігійнага характару і набажэнствам. Свецкая музыка ў сваіх вытоках абапіраецца на народна-песенную, танцавальную культуру. Па спосабе выканання музыка падзяляецца на вакальную, інструментальную і вакальна-інструментальную. Музыка часта спалучаецца з іншымі відамі мастацтва – харэаграфіяй, тэатральным мастацтвам, кіно.

На выставе прадстаўлены экспанаты з музейных фондаў і прыватных калекцый, якія адлюстроўваюць гісторыю развіцця музыкі і музычных інструментаў. Гэта старадаўнія богаслужэбныя кнігі, нотныя выданні і

рукапісныя нотныя запісы, фотаздымкі і паштоўкі, плакаты і афішы, творы жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, музычныя інструменты і рарытэтная гукатэхніка. Асаблівая ўвага нададзена беларускай музычнай культуры.

Мы запрашаем вас увайсці ў дзіўны свет музыкі. Гэты свет – бязмежны і чароўны, таму што, як казаў нямецкі паэт і філосаф Іаган Гётэ, «у рытме ёсць нешта чароўнае, ён прымушае нас верыць, што ўзвышанае належыць нам»…

Scroll to Top