Дабравешчанне

Абраз “Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы” адкрывае сабой так званы Хрысталагічны цыкл. Архангел Гаўрыіл дабравествуе Дзеве Марыі аб нараджэнні Сына ад Духа Святога. Кампазіцыя мае некалькі іканаграфічных схем, для якіх выкарыстоўваюцца розныя моманты евангельскага сюжэта альбо іншыя літаратурныя крыніцы. Іканапісцы на працягу тысячагоддзяў у якасці літаратурнай асновы абапіраліся на кананічнае Евангелле паводле Лукі (1, 26-39), апакрыфічныя Протаевангелле Іакава, Евангелле Псеўда-Матфея. Самая ранняя з вядомых кампазіцыя знаходзіцца ў катакомбах Прысцылы (III ст.).
Іканаграфія Дабравешчання склалася ў V ст. і з’яўляецца вельмі разнастайнай: на адных іконах Дзева Марыя прадстаўлена седзячы за пражай у доме Іосіфа, на другіх архангел Гаўрыіл дабравествуе Ёй каля студні ці каля Іерусалімскага храма. На працягу V–VI стст. замацоўваюцца асноўныя сімвалы і дэталі іканаграфіі. Прадзенне ніткі для храма – сімвал саткання плоці Ісуса Хрыста як Цара. Чырвоны колер туфляў ці сапожкаў Дзевы Марыі – сімвал паходжання Яе з царскага роду Давіда. На абразе павінны прысутнічаць выявы голуба і промняў – сімвалы Духа Святога. Менавіта гэту ікону змяшчаюць на Царскіх варотах, якія адкрываюць доступ у алтар, да святога прастола. Нябесная сфера, анёл, які нясе добрую вестку, пакорлівая Дзева – усё гэта служыць мэце паказаць таямнічасць Богаўвасаблення.
Ікона, прадстаўленая ў экспазіцыі, стараабрадчаскага паходжання. Стараабрадчаства – складаная рэлігійная і культурная з’ява, якая налічвае больш за трохсотгадовую гісторыю. Стараабрадцы і ў пачатку ХХ ст. захоўвалі старажытную тэхналогію візантыйскага іконнага пісьма і каноны старажытнарускага іканапісу.

Scroll to Top