У аснове іканаграфіі Раства Хрыстова – Евангеллі паводле Матфея (1, 1-12) і Лукі (2, 1-20), а таксама царкоўнае Паданне. Самыя раннія выявы сюжэта сустракаюцца ў катакомбах і на саркафагах. Іканаграфія склалася да VII ст. і адносіцца да шматсюжэтнага тыпу – на адной іконе прадстаўлена адразу некалькі сцэн, прысвечаных адной падзеі. Цэнтральнай выявай з’яўляюцца фігуры Маці Божай і Немаўляці Ісуса Хрыста, якія ляжаць у пячоры. Іх акружаюць асёл і вослік, якія па паданні прысутнічалі пры Растве. Пячора ўзгадваецца ў апокрыфах: Евангеллі Псеўда-Матфея, Протаевангеллі Іакава, Евангеллі Дзяцінства, Гісторыі Іосіфа Цесляра. Гара, у якой бачна пячора, сімвалізуе Маці Божую, пячора – Яе ўлонне. Пячора можа быць трактавана таксама як падшы свет, у якім заззяла “Сонца праўды” – Хрыстос. Віфлеемская зорка вызначае галоўную вось кампазіцыі, і прамень, які падае на Немаўля, указвае на галоўны цуд моманту – Раство. Выявы валхвоў звычайна адпавядаюць тром узроставым архетыпам: старац, сталых гадоў мужчына і малады чалавек. Гэтым падкрэсліваецца той факт, што адкрыццё даецца людзям незалежна ад узросту і жыццёвага вопыту. Пастухоў звычайна два – малады падтрымлівае сталага. Адзін з іх звычайна іграе на жалейцы – матыў, распаўсюджаны ў рускім мастацтве ў XV–XVI стст. Тут жа і выява дабравесця ім анёла. Сцэна на першы погляд падаецца звычайнай жанравай, аднак у свяшчэнным трактаванні сэнс наступны: і мастацтва (музыка, спевы), і навука (заняцце валхвоў) прыносяцца Богу, апяваюць Боганемаўля і Яму прысвячаюцца. Валхвоў у некаторым сэнсе можна супрацьпаставіць пастухам – гэта вучоныя, спазнаўшыя ўсю мудрасць чалавечую, разлітую ў прыродзе. Апакрыфічнае паданне паведамляе, што валхвы былі трыма персідскімі царэвічамі, якія вучыліся ў астролага Валаама лічэнню зорак. Ім ён пакінуў свае прароцкія кнігі і прасіў сачыць за з’яўленнем на небе зоркі (Лічбы 24, 17), якая будзе сведчыць аб нараджэнні Месіі. Выява Іосіфа з’яўляецца ў іканаграфіі ў V ст. Ён сядзіць у задумлівай позе ў сувязі з яго сумненнямі, якія апанавалі яго пасля Дабравешчання. Сумненні Іосіфа матэрыялізуюцца ў фігуру старца ў казліных скурах. Гэта фігура выклікала і выклікае ў даследчыкаў мноства спрэчак. Адным ён падаецца проста пастухом, які прыйшоў пагутарыць з Іосіфам аб таямніцах Божага Промыслу, іншым – Іакавам, апакрыфічным сынам Іосіфа, які быццам бы суправаджаў бацьку ў Віфлеем, трэцім – увасабленнем сумненняў Іосіфа ў вобліку чорта (які часам прадстаўляецца з рагамі і хвастом). Ужо ў XI–XII стст. сюжэт прадстаўляўся ў пашыраным варыянце, у які ўваходзіла сцэна сумненняў Іосіфа, абмывання служкамі Немаўля Хрыста і не толькі пакланенне валхвоў, але і іх падарожжа. У XVII ст. кампазіцыя ўскладняецца дадатковымі сюжэтамі: сон Іосіфа, уцёкі Святой Сям’і ў Егіпет, збіццё немаўлят і інш.
