Стрэчанне Гасподняе

Іканаграфічная кампазіцыя ілюструе сюжэт з Евангелля паводле Лукі (2, 22-39), згодна якому Немаўля Хрыстос на саракавы дзень пасля нараджэння быў прынесены ў Іерусалімскі храм па закону Майсееву для здзяйснення абраду ачышчэння і прынясення падзячнай ахвяры. У той час у Іерусаліме жыў праведны старац Сімяон, якому было прадказана, што ён не памрэ, пакуль не ўбачыць Збавіцеля. Па ўнушэнні з нябёсаў старац прыйшоў у храм у той час, калі Прасвятая Багародзіца і праведны Іосіф прынеслі туды Ісуса. Сімяон Богапрыімец узяў Немаўля на рукі і прарочыў пра Яго будучыню. Праславіла Немаўля і жыўшая пры храме ўдовіца Ганна-прарочыца. Так апошнія праведнікі Старога Запавету – Сімяон і Ганна – сустрэлі ў храме насіцеля Новага Запавету – Госпада Ісуса Хрыста.

Іканаграфія Стрэчання Гасподняга сфарміравалася ў ІХ–Х стст. і ў далейшым істотна не змянялася. Першыя выявы сустракаюцца на мазаіках трыумфальнай аркі Санта Марыя Маджорэ ў Рыме. У візантыйскім мастацтве існавала два іканаграфічныя варыянты Стрэчання – з сіметрычным і асіметрычным размяшчэннем фігур па баках ад прастола. Большасць захаваўшыхся выяў Стрэчання мае сіметрычную кампазіцыю: Дзева Марыя і Іосіф з аднаго боку, Сімяон і Ганна з другога. Ісус Хрыстос першапачаткова прадстаўляўся на руках Дзевы Марыі. У дадзенай іконе прарочыца Ганна некананічна размешчана паміж Дзевай Марыяй і Іосіфам, а Ісус Хрыстос ужо прыняты Сімяонам на рукі, якія кананічна пакрыты гімаціем, – гэта знак глыбокай пашаны да Божага Немаўляці.

 

Першапачаткова акрамя вышэйназваных фігур у кампазіцыі Стрэчання прадстаўляўся толькі прастол з ківорыем (навес над прастолам у выглядзе купала з крыжам). Да асаблівасцей дадзенага абраза адносіцца прадстаўленасць ківорыя без крыжа не традыцыйна над прастолам, а збоку, у асобным сюжэце. У XIV ст. з’яўляюцца выявы сцен і будынкаў, звычайна базілікальнага тыпу. У канцы XVI і ў XVII стст. сюжэт Стрэчання Гасподняга ўскладняецца шматлікімі падрабязнасцямі, запазычанымі з Чэцій-Міней, песнапенняў і іншай царкоўнай літаратуры. Такім чынам, ілюстрацыі тэкстаў Свяшчэннага Пісання абрастаюць падрабязнасцямі і ўключаюць шмат персаніфікацый і сімвалаў. Ікона ператвараецца ў багаслоўскі трактат, разлічаны на доўгае разглядванне і тлумачэнне.

Scroll to Top