Святыя Кірыл (каля 827–869) і Мяфодзій (815–885) – браты з г. Салуні (сучасны г. Салонікі, Грэцыя), прапаведнікі хрысціянства і асветнікі славян, стваральнікі славянскай азбукі. Перакладалі з грэчаскай мовы на славянскую Біблію і некаторыя богаслужэбныя кнігі, якія ўвайшлі ў літургічны ўжытак і на старажытнарускіх землях. Вучні святых братоў завяршылі пераклад Свяшчэннага Пісання і богаслужэбнай літаратуры. Вучнямі было напісана і жыціе святых прапаведнікаў. Верагодна, славянскія біблейскія і літургічныя тэксты прыйшлі на Русь з Балгарыі разам з Хрышчэннем, у X–XI стст.
Святыя асветнікі славян шануюцца як у Праваслаўнай, так і ў Каталіцкай Цэрквах. У славянскім праваслаўі кананізаваны як святыя роўнаапостальныя, “настаўнікі славенскія”. У Балгарыі існуе дзяржаўная ўзнагарода – ордэн святых Кірыла і Мяфодзія і ўсталявана дзяржаўнае свята – Дзень славянскага пісьменства і культуры, якое супадае з днём царкоўнай памяці асветнікаў – 24 мая. Гэтае свята шырока адзначаецца сёння ў Расіі, Чэхіі і іншых славянскіх краінах, дзе карыстаюцца кірылічным алфавітам. З 1986 г. гэты дзень святкуецца і ў Беларусі.
Прынятая чарговасць упамінання святых братоў у навуковых і навукова-папулярных тэкстах – спачатку Кірыл, потым Мяфодзій. У царкоўна-богаслужэбным ужытку – у зваротным парадку, верагодна, з той прычыны, што Мяфодзій меў больш высокі сан, чым яго малодшы брат. Таму і на іконе першым (злева) выяўлены Святы Мяфодзій, другім – Святы Кірыл.
